Расія высылае больш за 50 брытанскіх дыпламатаў і тэхнічных супрацоўнікаў

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава паведаміла ў суботу 31 сакавіка, што яшчэ больш за 50 брытанскіх дыпламатаў і тэхнічных супрацоўнікаў брытанскіх дыпламатычных місій пакінуць Расію ў найбліжэйшы час, паведамляе «Радыё Свабода».

ca6b9af7_6d07_43ee_b52a_d12f820b8309_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg


Паводле Захаравай гэта робіцца ў адказ на рашэнне Лондана выслаць з краіны супрацоўнікаў расійскіх дыпламатычных і гандлёвых прадстаўніцтваў.
«Расія прапанавала парытэт. У брытанцаў больш чым на 50 чалавек больш», — заявіла Захарава.
У фэйсбуку Захарава паведаміла, што на скарачэнне персаналу брытанскіх дыпламатаў дадзены месяц — так, каб сумарная колькасць супрацоўнікаў амбасады Вялікабрытаніі ў Маскве і генеральным кансуляце Вялікабрытаніі ў Расіі была роўная колькасьці расійскіх дыпламатаў і адміністрацыйна-тэхнічных супрацоўнікаў, якія знаходзяцца ў камандзіроўках у Вялікабрытаніі.
У сакавіку брытанскія ўлады выслалі з краіны 23 расійскія дыпламаты, назваўшы іх супрацоўнікамі спецслужбаў і ўсклаўшы на расійскія ўлады адказнасць за атручванне ў Солсберы былога расійскага разведчыка-перабежчыка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.
Разам з Вялікабрытаніяй расійскіх дыпламатаў выслалі яшчэ 28 краін, у тым ліку ЗША, а сукупны лік высланых перавысіў 150 чалавек.
МЗС Расіі напярэдадні ў адказ на гэтыя дзеянні абвясціла пра высылку з Расіі дыпламатаў з 23 краін, закрыцці консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу і спыненні працы ў Расіі Брытанскай Рады (British Council).
Брытанская амбасада пакуль не каментавала прапанову аб «парытэце». Аднак раней на такім жа «парытэце» Расія і ЗША спыніліся ў папярэднім раўндзе «дыпламатычнай вайны», які адбыўся летам 2017 году.