Расія забараніла ўезд некалькім памерлым, у тым ліку сенатару Джону Маккейну

МЗР Расіі апублікавала спіс амерыканцаў, якім забаронены ўезд у РФ. Пікантнасці сітуацыі надае тое, што ў пераліку можна сустрэць імёны людзей, якія ўжо памерлі.

Памерлы сенатар Джон Маккейн, фота АР

Памерлы сенатар Джон Маккейн, фота АР

Так, у спісе фігуруе імя сенатара ад Рэспубліканскай партыі Джона Маккейна, які памёр у 2018 годзе. Апроч яго пад санкцыі трапілі яшчэ некалькі памерлых амерыканцаў: суддзя акругі Мантгомеры Стывен О’Ніл, вайсковец у адстаўцы Джэрэмі Сівітс, член Палаты прадстаўнікоў ад Дэмакратычнай партыі Элсі Гасцінгс і першы намеснік Дырэктара Разведвальнага ўпраўлення Мінабароны ЗША Меліса Дрыска.
Адметна, што побач з іх імёнамі на сайце расійскага МЗС указаныя даты смерці, таму застаецца незразумелым, навошта забараняць уезд у краіну гэтым людзям.
Усяго ў спісе 963 прозвішчы. Гэта сенатары, члены Палаты прадстаўнікоў, Кангрэса ЗША, ФБР, ЦРУ і Мінабароны, іншых ведамстваў, суддзі, адвакаты і пракуроры, журналісты, вайскоўцы і прадпрымальнікі, але ёсць таксама і шараговыя грамадзяне.
Сярод самых вядомых дзеячаў — прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і яго сын Хантэр Байдэн, віцэ-прэзідэнт Камала Харыс і яе муж Дуглас Эмхоф, дзяржсакратар Энтані Блінкен, кіраўнік Апарата Белага дома Рональд Клейн, экс-кандыдат у прэзідэнты Хілары Клінтан, дырэктары ФБР Крыстафер Рэй і ЦРУ Уільям Бернс, заснавальнік Meta (Facebook) Марк Цукерберг і акцёр Морган Фрыман.