Расія. Ці будзе новая канстытуцыя?
Расійская прэса сцвярджае, што ў сувязі з узмацненнем рэжыму ў Расіі, Крэмль рыхтуе перагляд дзеючай зараз так званай «Ельцынскай канстытуцыі». У аснове яе рэдакцыі будзе праект, які распрацаваў Уладзімір Якунін, асабісты сябра Пуціна, цяперашні кіраўнік Расійскай чыгункі (РЖД).
Альтэрнатыўная Канстытуцыя Расіі ўпершыню была прэзентавана грамадскасці ў маі гэтага года. Адбылося гэта не без удзелу дзяржавы — інфармацыйнай пляцоўкай для раскруткі праекту стаў галоўны друкаваны орган урада РФ — «Российская газета». Галоўнымі каштоўнасцямі расіян прапануюць зрабіць не грамадзянскія свабоды, а «общинность», калектывізм і адмову ад матэрыяльнага дабрабыту. Замест раздзелу пра «правы і свабоды чалавека і грамадзяніна» новая Канстытуцыя ўтрымлівае параграф «Правы і абавязкі чалавека і грамадзяніна». Увогуле, другі раздзел у канстытуцыі, які ў цяперашнім варыянце кажа пра свабоды расіян, прысвечаны нейкім «каштоўнасцям Расіі». Гэтыя каштоўнасці абвяшчаюцца прыярытэтнымі ў адносінах да астатніх законаў. Аналізуючы тое, што адбываецца, палітолагі асцерагаюцца, што да выбараў–2018 Расія канчаткова стане краінай цемрашалаў. Радуе прагрэсіўную частку грамадства адно: на сённяшні дзень у Расіі не існуе прававых механізмаў змены базавых прынцыпаў Канстытуцыі. Распрацоўка закона пра Канстытуцыйныя сходы нядаўна ў чарговы раз была спынена.
Паводле расійскай прэсы