“Расія мяне верне Украіне. Жывой ці мёртвай”. Апошняе слова Саўчанка

У Расіі завяршаецца судовы працэс над украінскай лётчыцай, якую вінавацяць у датычнасці да смерці расійскіх журналістаў.



batkivshina_trebuet_chtobi_nadezhdu_savchenko_delegirovali_v_pase_ot_parlamenta_ukraini1.jpg

Трэцяга сакавіка на працэсе выступалі адвакаты Надзеі Саўчанка — Ілля Новікаў і Мікалай Полазаў. Яны заклікаюць суд апраўдаць украінку праз адсутнасць доказаў яе віны. Полазаў паведаміў, што лічыць усю справу “палітычна матываванай”.

У той жа час пракуроры лічаць віну Надзеі Саўчанка цалкам даказанай: яны патрабуюць пакараць яе пазбаўленнем волі тэрмінам на 23 гады.

Першапачаткова планавалася, што Саўчанка выступіць з апошнім словам менавіта 3 сакавіка, аднак у апошні момант суд перанёс яе выступ на 9 сакавіка. Гэта выклікала ў лётчыцы вельмі эмацыйную рэакцыю. Саўчанка абвесціла сухую галадоўку проста ў залі суда. Дата абвяшчэння прысуду па-ранейшаму застаецца невядомай.

Увечары 3 сакавіка тэкст апошняга выступу Надзеі Саўчанка з’явіўся на яе старонцы ў фэйсбуку. Цытуем яго цалкам.

Я не прызнаю ні віны, ні прысуду, ні расійскага суда. У выпадку абвінаваўчага прысуду — апеляцыі не будзе. Я хачу, каб увесь цывілізаваны дэмакратычны свет зразумеў, што Расія — гэта краіна трэцяга свету з таталітарным рэжымам і дыктатарам-самадурам, у якой плююць на правы чалавека і міжнароднае права.

Абсурднай з'яўляецца сітуацыя, калі тыя, хто выкрадае людзей — падвяргае іх катаванням, потым яшчэ і робяць выгляд, што маюць права іх судзіць. Аб якім справядлівым судзе тут можа ісці гаворка? У Расіі суда і следства няма! Тут ёсць фарс лялечных марыянетак Крамля, і я лічу цалкам залішнім марнаваць час свайго жыцця на тое, каб прыняць у ім удзел!

Таму апеляцыі не будзе, а будзе наступнае: пасля прысуду я працягну галадоўку яшчэ на дзесяць дзён, пакуль прысуд не набудзе моц, і гэта незалежна ад перакладу прысуду на ўкраінскую мову, таму што з перакладам яны ўмеюць доўга час цягнуць. Праз дзесяць дзён я абвяшчу сухую галадоўку, і тады ў Расіі ёсць не больш за дзесяць дзён, каб вярнуць мяне Украіне, адкуль выкралі! І мяне не хвалюе, якім чынам яны будуць гэта даказваць. Я чула аб дастаткова нядрэнных здольнасцях Пятра Аляксеевіча Парашэнкі ў дыпламатыі. Ну што ж, я спадзяюся, што яго дыпламатычных здольнасцяў хопіць на тое, каб у Расіі дамовіцца з адным ідыётам... Бо ён абяцаў маёй маці, што яшчэ на травеньскія святы 2015 я буду дома.

І пакуль мной будуць гандлявацца, жыццё мяне будзе пакідаць, і Расія мяне ўсё роўна верне ва Украіну жывой ці мёртвай! Але верне!

І ўсе гэтыя дзесяць дзён каля брамы СІЗА будзе дзень і ноч стаяць мая сястра і будзе чакаць — ці выпусцяць, вынесуць мяне. Калі вы яе пасадзіце — на яе месца прыйдзе і стане мая маці, ёй 77 гадоў. Вы і яе пасадзіце? Тады на яе месцы будзе мая сяброўка, мой сябар, а за імі Украінец за Украінскае! І запомніце — усіх вам сюды не запхнуць! А пакуль мае суайчыннікі будуць стаяць, простыя, сумленныя і прыстойныя рускія з навакольных дамоў пачнуць ім прыносіць гарачую гарбату, бутэрброды і цёплыя коўдры, таму што кожны з іх разумее, што на маім месцы можа апынуцца дзіця кожнага з іх у гэтай турме народаў пад назвай Расія!

А так пачынаецца Майдан! А яно вам трэба?! Вы ж баіцеся гэтага, як агню! Таму Крамлю лепш вярнуць мяне ва Украіну як мага хутчэй і жывой!

А ўсяму свету з дэмакратычнымі каштоўнасцямі лепш своечасова ўсвядоміць ўрокі гісторыі і ўспомніць, што ў свой час Еўропа была талерантнай з Гітлерам, Амерыка не была досыць рашучай, і гэта прывяло да Другой Сусветнай вайны. Пуцін — гэта тыран з імперскім замахам і комплексамі Напалеона і Гітлера разам узятымі. А мядзведзь чалавечай мовы не разумее, ён разумее толькі мову сілы. Таму, калі мы не станем больш рашучымі і не вызначым своечасова правільныя прыярытэты, то будзем хутка мець Трэцюю Сусветную Вайну.

Я зараз ужо як палітык, больш не падам рукі Расіі на палітычнай арэне. Вельмі не пасуе падаваць рукі таму, хто трымаў цябе ў кайданках, а твой народ — у кайданах. Але прымаючы кожнае сваё палітычнае рашэнне, я заўсёды буду думаць, як яно адгукнецца на простым народзе — як Украіны, так і Расіі. Таму што ў Расіі, нягледзячы ні на што, ўсё ж ёсць шмат сумленных, прыстойных, добрых і няшчасных людзей”.

euroradio.fm