Расія. Замест нацыянальных аўтаномій — геаграфічныя
У Дагестане збіраюцца выступіць з ініцыятывай па змене назваў нацыянальных рэспублік Расіі. Гаворка ідзе пра змену этнічнага варыянту наймення рэспублікі на геаграфічны.
Улады Дагестана лічаць, што суб’екты РФ не могуць насіць назву аднаго з этнасаў. Логіка наступная — сёння ўсе рэспублікі, у тым ліку і на Паўночным Каўказе, шматэтнічныя. Вылучаць адзін этнас у назве няправільна, паколькі гэта пагражае міжнацыянальнай няроўнасцю. Напрыклад, кажуць ініцыятары закону, у Татарстане пражывае 53% татараў, а 47% жыхароў — не татары. Атрымліваецца, што гэтыя 47% — людзі другога гатунку, якія пражываюць там на правах госцяў.
Быццам, шматлікіх міжэтнічных праблем можна будзе пазбегнуць, калі памяняць назвы на геаграфічныя. Напрыклад, Кабардзіна-Балкарыю прапануецца назваць Прыэльбруская Рэспубліка, Татарстан — Казанская Рэспубліка, а Башкартастан — Уфімская Рэспубліка.
Першыя апытанні татарскіх і башкірскіх палітыкаў паказваюць, што ініцыятыва дагестанцаў будзе сустрэтая ў штыкі. Асабліва ў кантэксце нядаўняга закліку лідара партыі «Грамадзянская платформа» Міхаіла Прохарава, які прапанаваў увогуле скасаваць нацыянальныя аўтаноміі. Ініцыятыва Дагестана можа трактавацца як спроба пачатку рэалізацыі прапановы Прохарава, толькі акуратнымі сродкамі.
Паводле расійскай прэсы