Расійскую авіябазу ў Сірыі атакавалі другі раз за тыдзень

Тыдзень таму атака на Хмеймім забрала жыцці двух расійскіх вайскоўцаў.

ee61847458717db1889854aac63fd098.jpg


Аэрадром расійскай авіябазы Хмеймім ў сірыйскай правінцыі Латакія атакавалі беспілотнікі невядомага паходжання, па некаторых дадзеных — баявікоў «Ісламскай дзяржавы».

Навінавае агенцтва Orient News паведаміла аб неапазнаных дронах над расійскай авіябазай ўвечары 6 студзеня. Па дадзеных выдання, на самаробныя лятальныя апараты зрэагавала сістэма бяспекі і запусціла сірэны. З базы здзейснены абстрэл дронаў, аднак пра вынікі агенцтва не паведамляе.

Выданне Arabi21 са спасылкамі на крыніцы ў сірыйскай апазіцыі таксама піша пра напад, дадаючы, што беспілотнікі былі зробленыя даволі прымітыўна і што ў адказ абстрэлу з расійскага боку відаць не было.

Аб гуках стральбы, выбухаў, сірэн і верагодных раненнях расійскіх вайскоўцаў паведаміў у Твітэры сірыйскі журналіст Кеворк Алмасіан.

Паводле дадзеных сірыйскага Цэнтра маніторынгу за выкананнем правоў чалавека, атака здзяйснялася з базы «Ісламскай дзяржавы» у Латакіі.

Расійскія СМІ ў паведамленнях пра атаку спасылаюцца на Telegram-канал Directorate 4. Паводле яго дадзеных, расійскія вайскоўцы збілі некалькі дронаў, якія атакавалі базу. Аўтар канала паведаміў, што адзін з дронаў, які выяўлены непадалёк ад аэрадрома, меў прымітыўную канструкцыю: драўляная рама, шмат клейкай стужкі і матор.

0009maxresdefault.jpg


«Аб рэальнасці налёту БПЛА няма ніякіх сумненняў», — піша аўтар канала (арфаграфія захаваная), дадаючы, што пра ўрон, панесены расійскай авіябазай, нічога не вядома.

Афіцыйнага каментара расійскага Мінабароны пакуль няма.


Другая за тыдзень

Гэта ўжо другая атака на расійскую базу ў Сірыі за апошні тыдзень. Расійскае Мінабароны пацвердзіла паведамленні СМІ пра абстрэл авіябазы Хмеймім радыкальнымі ісламістамі 31 снежня. Тады ў выніку нападу загінулі двое расійскіх вайскоўцаў, паведамілі ў ведамстве.

Паведамленне газеты «Коммерсант» пра знішчэнне сямі ваенных самалётаў у Мінабароны назвалі «фейкам».

Як паведамляла газета, у выніку нападу баевікоў неназванай групоўкі на расійскай базе былі знішчаны чатыры бамбавіка Су-24, два знішчальнікі Су-35С, адзін транспартнік Ан-72, а таксама склад боепрыпасаў, якія здэтанавалі пасля траплення мінамётнага снарада. Паводле неафіцыйных дадзеных, маглі пацярпець больш за 10 вайскоўцаў.

1296967460.jpg


Страты асабовага складу расійскіх узброеных сіл з пачатку кампаніі ў Сірыі складаюць 47 чалавек. Ваенныя прыватных кампаній з Расіі, якія загінулі ў Сірыі, пра якія паведамлялі СМІ, не ўлічваліся.

У снежні 2017 года Уладзіміру Пуціну паведамілі пра поўны разгром «Ісламскай дзяржавы» ў Сірыі (у Расіі групоўка прызнаная экстрэмісцкай, яе дзейнасць забаронена). «На сёння тэрыторыі, падкантрольнай «Ісламскай дзяржаве», на тэрыторыі Сірыі не існуе», — заяўляў начальнік расійскага генштаба Валер Герасімаў.

ВВС