Распрацоўнік Акту аб дэмакратыі ў Беларусі пра Лукашэнку: «Мы не спынімся, пакуль іх не пасадзяць за краты»
Аўтар новай рэдакцыі Закону аб дэмакратыі ў Беларусі Крыстафер Сміт выказаўся пра санкцыі для парушальнікаў правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь і рычагах уплыву ЗША на афіцыйны Мінск.
Інтэрв’ю з кангрэсменам Крыстаферам Смітам апублікаваў «Голас Амерыкі» пасля прыняцця 21 снежня законапраекту верхняй палатай парламента ЗША. Яго вытрымкі прыводзіць Радыё Свабода.
«Пасля таго, як мой законапраект будзе падпісаны прэзідэнтам, гэта па-новаму аўтарызуе закон, які я распрацаваў у 2004 годзе. Гэтая рэдакцыя закону ідзе нашмат далей, яна па-сапраўднаму ўпаўнаважыць прэзідэнта на ўвядзенне санкцый супраць гэтых людзей. Дакладна гэтаксама, як гэта зрабіў Еўрасаюз, які ўвёў санкцыі супраць 29 асоб. Такім чынам яны панясуць адказнасць за сваю жорсткасць, за тое, што не дапускаюць сапраўдную дэмакратыю, свабодныя і справядлівыя выбары.
Гэта хіба галоўны з законаў, якія я калі-небудзь напісаў. Ён дае Адміністрацыі прэзідэнта дадатковыя інструменты для ўвядзення санкцый. Наступная адміністрацыя зможа пераняць эстафету ў нашым імкненні свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.
Я думаю, што міжнародны крымінальны суд павінен гэта ўсе разгледзець і расследаваць вельмі сур’ёзна. У Беларусі адбываюцца злачынствы супраць чалавечнасці, і людзі, якія іх твораць, уключна з супрацоўнікамі міліцыі, павінны быць прыцягнутыя да адказу.
Мы бачым, што такое ж адбываецца ў Нігерыі, дзе адбываюцца забойствы людзей, пра што я нядаўна праводзіў слуханні. І тое самае адбываецца ў Беларусі, проста ў нас перад вачыма. Людзей жорстка збіваюць, і там ужо дайшло да забойстваў. Усё гэта павінна быць неадкладна спынена.
І яны павінны разумець: мы не спынімся, пакуль яны не панясуць адказнасць. Як былога прэзідэнта Ліберыі Чарльза Тэйлара пакаралі на 50 гадоў зняволення ў С’ера-Леоне і пасадзілі, гэтаксама трэба падыходзіць і да Лукашэнкі ды людзей, якія яго атачаюць: мы не спынімся, пакуль іх не пасадзяць за краты».
***
Сенат ЗША ў панядзелак ухваліў двухпартыйны законапраект «Аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі» (Belarus Democracy, Human Rights, and Sovereignty Act). Дакумент накіраваны на подпіс прэзідэнту Дональду Трампу.
Стаўшы законам, ён дазволіць, сярод іншага, заявіць, што ЗША не прызнаюць вынікаў фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 года, а таксама не дазволіць прызнаць Лукашэнку законна абраным лідарам Беларусі.
Законапраект таксама заклікае да правядзення ў краіне новых прэзідэнцкіх выбараў, якія адпавядаюць стандартам АБСЕ, і да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.
Акрамя іншага, ЗША адмаўляюцца прызнаць любую інтэграцыю Беларусі ў так званую «Саюзную дзяржаву» разам з Расіяй і пад яе кантролем.