Самыя буйныя выбары ў гісторыі. Дасье ў карыкатурах

 У Індыі адбываюцца парламенцкія выбары, удзел у якіх возьме амаль мільярд выбаршчыкаў. За электаральнай кампаніяй сочаць і карыкатурысты сусветных медыя.

З моманту набыцця незалежнасці ў 1947 годзе ў краіне было праведзена 17 усеагульных выбараў. Мінулыя ўсеагульныя выбары 2019 года ў Індыі ўжо былі прызнаны самымі масавымі ў гісторыі чалавецтва: у іх узялі ўдзел больш за 600 млн выбаршчыкаў. Аднак за мінулыя пяць гадоў насельніцтва краіны павялічылася, зараз яно складае 1,4 млрд. чалавек. Індыя стала самай населенай у свеце. Таму надыходзячыя выбары, як чакаецца, могуць пабіць рэкорд мінулых гадоў. Па даных Выбарчай камісіі, да галасавання падрыхтавана больш за адзін мільён выбарчых участкаў. Гатовыя і кандыдаты. Выданне Outlook адлюстравала ўдзельнікаў гонкі ў выглядзе спрынтараў.

1_963.jpg

Сацыялагічныя апытанні прадказваюць перамогу кіруючай з 2014 года нацыяналістычнай партыі «Бхарата джаната парты» (БДП) на чале з прэм'ер-міністрам Нарэндрай Модзі. У выпадку перамогі 73-гадовы палітык, які ўзначальвае ўрад ужо 10 гадоў, зможа перааабрацца на трэці пяцігадовы тэрмін на пасадзе прэм'ера.

Галоўнай мэтай свайго трэцяга прэм'ерскага тэрміна Модзі называе ператварэнне Індыі ў трэцюю эканоміку свету (цяпер яна займае пятае месца, саступаючы ЗША, Кітаю, Германіі і Японіі). Ён абяцае павялічыць ВУП да $5 трлн да 2027 года і ператварыць Індыю ў развітую краіну да 2047-га, калі гэтая дзяржава будзе адзначаць 100-годдзе незалежнасці. Модзі сапраўды выглядае калосам на фоне іншых палітыкаў. Таму прэса часта выяўляе яго ў якасці палітычнага цяжкавагавіка.

2_879.jpg

Галоўны сапернік БДП — Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК), які можна аднесці да партый левага цэнтра. Гэта найбуйнейшая апазіцыйная партыя, якая кіравала краінай на працягу амаль 77 гадоў, але зараз знаходзіцца ў заняпадзе. Лідарам ІНК з'яўляецца Рахул Гандзі — сын былога прэм'ер-міністра Індыі Раджыва Гандзі (з 1984 па 1989 год) і прадстаўнік уплывовага ў краіне палітычнага клана Неру-Гандзі. 

Зрэшты, на выбары Кангрэс ідзе не асобным спісам. Напярэдадні выбараў больш за два дзясяткі партый далучыліся да ІНК, каб сфармаваць Індыйскі нацыянальны інклюзіўны альянс развіцця (INDIA). Таму ў карыкатурах лідара INDIA часта выяўляюць як прадстаўніка нейкай вельмі стракатай і мазаічнай кааліцыі.

3_770.jpg

Увогуле, выбары ў Індыі вельмі складаная працэдура. Яны цягнуцца ажно 44 дні. Яшчэ адным цікавым момантам палітычнага працэсу з'яўляецца тэма кастаў. Індыйская канстытуцыя рэзервуе 24% ад усіх месцаў у парламенце для ўшчэмленых груп грамадства, вядомых як касты. Як бачым, касты маюць саліднае прадстаўніцтва ў парламенце. Таму за галасы «недатыкальных» таксама ідзе барацьба. Зрэшты, у іх ёсць таксама свая партыя — Бахуджан самадж парты. Яе сімвалам з'яўляецца сіні слон. Паколькі на гэтых выбарах рэйтынгі ў Бахуджана самадж парты не высокія, мастакі любяць адлюстроўваць партыю ў выглядзе стомленага слана.

4_688.jpg

Падчас галасавання апазіцыя сутыкаецца з моцным ціскам з боку ўладаў. Зрэшты, праблемы ў яе ўзніклі яшчэ напярэдадні выбараў. Шэраг вядомых дзеячаў, уключаючы мэра Дэлі і кіраўніка партыі «Ам Адмі Парты» Арвінда Кеджрывала, знаходзяцца пад арыштам. Як і трэба было чакаць, карыкатурысты ахвотна іранізавалі над тым, што цяпер сталічны муніцыпалітэт пераехаў у турму.

5_640.jpg

Якімі б ні былі вынікі выбараў, відавочна, што Індыя працягне развівацца, выходзячы ў сусветныя лідары. Праўда, ці будзе гэтая краіна называцца «Індыя», не зусім ясна. Напрыклад, Модзі лічыць, што тапонім «Індыя» прыдумалі еўрапейцы, а сапраўдная назва краіны — «Бхарат». Як павінна называцца краіна — яшчэ адна з тэм выбарчай барацьбы.

6_478.jpg