Савет ЕС: Асацыяцыя Украіна-ЕС пачне дзейнічаць з 1 лістапада 2014 года

Частка пагаднення аб Асацыяцыі Украіны і ЕС, якая тычыцца гандлёвых пытанняў, адкладзеная да 1 студзеня 2016 года, а гандлёвыя прэферэнцыі з боку ЕС для Украіны падоўжаныя да 31 снежня 2015 года, тлумачыць прэс-служба ЕС прынятае ў Брусэлі рашэнне.



18246_i_p_01043423.jpg

Нагадаем, 29 верасня Еўрапейскі Саюз прыняў афіцыйнае рашэнне аб часовай адтэрміноўцы прымянення Пагаднення аб асацыяцыі з Украінай у частцы паглыбленай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю (ЗСГ).

«Пасля кансультацый з украінскім бокам і як частка агульных намаганняў, накіраваных на ўсёабдымны мірны працэс ва Украіне, Савет ЕС змяніў графік часовага ўжывання частак Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС. Паралельна былі прадстаўлены прапановы працягнуць аўтаномныя гандлёвыя прэферэнцыі ЕС для Украіны да 31 снежня 2015 года», — гаворыцца ў паведамленні.

Разам з тым рашэнне СЕ адкрывае шлях для часовага ўжывання з 1 лістапада большай частцы астатняга пагаднення, перадае УНІАН.

«Гэта будзе тычыцца прынцыповых палажэнняў адносна правасуддзя, свабоды і бяспекі, у тым ліку барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй; пашырэнне супрацоўніцтва ў шырокім дыяпазоне эканамічнага сектара на аснове паступовага набліжэння з правам ЕС, а таксама ў сферы фінансавага супрацоўніцтва», — адзначаецца ў паведамленні.

Савет ЕС падкрэслівае, што Пагадненне аб асацыяцыі будзе паглыбляць палітычную асацыяцыю і эканамічную інтэграцыю Украіны з Еўрасаюзам, уключаючы стварэнне паглыбленай і ўсёабдымнай зоны свабоднага гандлю (DCFTA).