Сербія. Ялінка як нагода для рэвалюцыі

Ва ўсіх гарадах Еўропы Каляды і Новы год — звычайнае свята, а вось у Бялградзе святкаванне можа выліцца ў вялікія беспарадкі.

Фота euronews.com

Фота euronews.com

Прычына — 18-метровая ялінка, якую паставіў на галоўнай плошчы мясцовы муніцыпалітэт. Як высветлілася, бялградская ялінка — самая дарагая ялінка ва ўсёй Еўропе і, магчыма, нават ва ўсім свеце. Яна каштавала гарадскому бюджэту 83 тысячы еўра.

Раней бургамістр ужо быў фігурантам шэрагу карупцыйных скандалаў. Самы вялікі ў гэтай серыі — набыццё 24 дамоў на балгарскіх курортах з невядомых сродкаў. Не дзіўна, што грамадскасць успрыняла дарагую ялінку як чарговую аферу.

Цяпер уся Сербія пратэстуе і патрабуе арыштаваць мэра. Прычым гэта патрабаванне набыло форму просьбаў на адрас Санта Клаўса. За кароткі час адпаведную петыцыю казачнаму персанажу даслалі каля ста тысяч жыхароў гораду.

Калі Санта да 31 снежня не выканае просьбу, то бялградцы гатовыя рэалізаваць сваю навагоднюю мару праз вулічны бунт.

Паводле нямецкай прэсы