Шэнтэндрэ — гарадок мастакоў і марцыпанаў (фота)
Шэнтэндрэ, ці як яго яшчэ вымаўляюць Сентэндрэ, — невялікі горад у цэнтральнай частцы Венгрыі, можна сказаць прыгарад Будапешта, бо ад сталіцы да яго толькі 20 кіламетраў.

Горад быў заснаваны ў ХVІІ стагоддзі сербамі, што ўцякалі сюды, ратуючыся ад пераследу туркаў. Сербы і зараз складаюць значную частку насельніцтва Шэнтэндрэ.
Сёння гэта гарадок, які лічыцца месцам мастакоў, тут многа разнастайных галерэй і майстэрняў. Адной з галоўных візітовак Шэнтэндрэ ёсць Музей марцыпана. З марцыпанаў тут зроблена мноства экспанатаў — карункавыя сурвэткі, карэта, паменшаныя копіі храмаў, цэлыя крэслы і нават скульптуры зорак Галівуду. Аматараў слодыча чакае шырокі выбар гэтага прысмаку ў адмысловай краме.


З помнікаў архітэктуры пераважаюць праваслаўныя храмы, іх тут ажно чатыры. Ёсць і некалькі каталіцкіх касцёлаў. Вулічкі гораду на гарыстай паверхні месцамі вельмі вузкія і пакручастыя.


Акрамя Музея марцыпана ў Шэнтэндрэ ёсць яшчэ каля 15 розных музейных адметных збораў, які прывабліваюць турыстаў з усёй Еўропы — музей грамадскага транспарту Будапешта, музей сербскага праваслаўнага мастацтва, музей віна, этнаграфічны музей пад адкрытым небам і іншыя адметныя культурніцкія асяродкі.


.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
