Сянцоў: Калі вызваляць мяне аднаго, гэта будзе поўны правал

Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, які знаходзіцца ў калоніі горада Лабытнангі (РФ), заклікае ўсіх не канцэнтраваць увагу на яго асобе і змагацца за вызваленне іншых палітвязняў, паведаміла яго сястра Наталля Каплан.

a984ed16_48d1_4056_8dd0_7b4bd2aa4da1_cx11_cy12_cw82_w1023_r1_s.jpg


5 ліпеня сястра ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова ўпершыню за чатыры гады наведала яго ў калоніі "Белы мядзведзь "у Лабытнангі (РФ). Пра гэта яна распавяла hromadske.ua. Сястра Сянцова адзначыла, што спатканне было кароткатэрміновае, яны прагаварылі дзве гадзіны. Каплан распавяла рэжысёру пра акцыі ў яго падтрымку і што да яго галадоўцы далучыўся крымскі палітвязень Эмір-Усеін Куку.
"Алег вельмі ўдзячны, што так шмат дзеянняў вакол яго імя, што людзі не апускаюць рукі і працягваюць змагацца. Але разам з тым ён вельмі расчараваны, што вельмі мала ўвагі надаецца іншым палітвязням, і лічыць, што калі вызваляць яго аднаго, гэта будзе поўны правал", — сказала яна.
Сястра палітвязня паведаміла, што ён просіць украінскага амбудсмена Людмілу Дзянісаву, незалежных лекараў, консулаў і ўсіх, хто спрабаваў да яго патрапіць, каб яны прыязджалі і да іншых палітвязням.
Яна таксама распавяла, што здароўе Сянцова сёння здавальняючае, яго стан змяняецца, аналізы не вельмі добрыя, але "нічога крытычнага няма".
"Учора яму было вельмі дрэнна, сёння — нармальна. На спатканне ён прыйшоў сам. Стан пагаршаецца да вечара. Кажа, што яму цяпер значна лягчэй. Самы цяжкі перыяд — першыя тры тыдні галадання. Зараз яму ставяць кропельніцы. Без іх ён бы ўжо не выжыў. Спыняць галадоўку ён не збіраецца. Сказаў, што пойдзе да канца і верыць у перамогу. Настроены аптымістычна, верыць, што не проста так. І верыць у перамогу.
З забавак у яго тэлевізар, ён піша, рэдагуе свае старыя запісы. Просіць не адпраўляць яму кнігі, якіх у яго вельмі шмат".
Сянцоў быў прысуджаны ў РФ да 20 гадоў пазбаўлення волі 25 жніўня 2015 года. Расійскі суд прызнаў яго вінаватым у стварэнні ў Крыме тэрарыстычнай групіроўкі і кіраўніцтве ёю, замаху на набыццё выбуховых прылад і незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, двух тэрарыстычных актах і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракту. Сянцоў сваёй віны не прызнаў.
14 мая 2018 года рэжысёр абвясціў бестэрміновую галадоўку. Ён запатрабаваў вызваліць 64 украінскіх палітвязняў, але сябе ў спіс не ўключыў. 26 чэрвеня генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ерн Ягланд падаў афіцыйнае прашэнне прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну аб памілаванні Сянцова. Але ў Крамлі патлумачылі, што ліст Ягланда не можа служыць падставай для такой меры. Актывісты па ўсім свеце праводзяць акцыі з заклікам вызваліць рэжысёра.