Сянцоў у судзе: супрацоўнікі ФСБ душылі мяне пакетамі і збівалі дубінкамі, патрабуючы даць "правільныя" паказанні
Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, якога РФ абвінавачвае ў тэрарызме, выступіў у Паўночна-Каўказскім акруговым ваенным судзе ў Растове.
У пачатку выступу Сянцоў заявіў, што не лічыць гэты суд легітымным. "Я грамадзянін Украіны, які быў незаконна захоплены супрацоўнікамі вашых спецслужбаў", — сказаў Алег Сянцоў, перадае "Украінская праўда".
Алег Сянцоў таксама распавёў, што прымаў удзел у падзеях на Майдане ў Кіеве, а пасля акупацыі Расіяй Крыму вярнуўся туды. "Я быў на Майдане, і гэта галоўны ўчынак у маім жыцці. Мы выступалі супраць злачынцы-прэзідэнта", — сказаў ён.
Сянцоў заявіў, што займаўся ў Крыме валанцёрскай дзейнасцю. "Пасля таго, як ваша краіна пачала акупаваць маю Радзіму, мы працягнулі валанцёрскую працу. Але я ніколі не заклікаў да гвалту. Я займаўся дапамогай журналістам, якія асвятлялі падзеі ў Крыме, дапамагаў перакладчыкамі, арганізоўваў брыфінгі", — сказаў Алег Сянцоў.
Ён падкрэсліў, што валанцёры падтрымлівалі заблакаваныя расійскім спецназам ўкраінскія ваенныя часткі.
У сваім выступе Алег Сянцоў падрабязна распавёў пра сваё затрыманне і допыт: "Мяне кінулі ў мікрааўтобус, з мяшком на галаве прывезлі ў будынак былога СБУ на Івана Франко. Пачаўся вельмі жорсткі допыт, мяне пыталі, каго я ведаю з актывістаў, хто збіраўся падрываць помнікі. Мяне пачалі збіваць нагамі, рукамі, дубінкамі, лежачы і седзячы. Калі я адмаўляўся гаварыць, пачалі прымяняць удушэнне. Мяне душылі пакетамі. Душылі 4 разы.
Я шмат разоў бачыў гэта ў кіно, і не разумеў, як людзі на гэтым ламаюцца. Але гэта вельмі страшна. Яны пагражалі згвалціць мяне дубінкай, вывезці ў лес і там закапаць. Гадзіны праз чатыры яны стаміліся, і павезлі мяне на ператрус. Толькі там я даведаўся, што гэта — супрацоўнікі ФСБ. Яны там чакалі ўбачыць тэрарыстаў і зброю, а знайшлі толькі маё дзіця — яно прысутнічала пры вобшуку, пра што ў пратаколе не гаворыцца. Знойдзеныя грошы — гэта грошы маёй кінакампаніі для здымак фільма "Насарог".
Паводле Сянцова, расійскія спецслужбы прапанавалі яму даць паказанні супраць кіраўніцтва Майдана. "Мне прапанавалі даць паказанні на кіраўніцтва Майдана і атрымаць 7 гадоў, альбо стаць кіраўніком і атрымаць 20", — сказаў ён.
"Праз 3 дні ўжо знайшлі зброю, таму што нейкая тэрарыстычная група без зброі ... Праз паўгода ФСБ дзіўным чынам выявіла на маім ноуце 2 файла аб вырабе выбуховых рэчываў", —сказаў ён.
"Сказаў усё, што хацеў, далей у гэтым канцэрце ўдзельнічаць не буду. Рабіце, што хочаце, я буду ціхенька сядзець, на пытаньні не адкажу", - заявіў Алег Сянцоў.
Па версіі расійскага следства, Алег Сянцоў стварыў
у Крыму тэрарыстычную арганізацыю, якая была
структурным падраздзяленнем забароненага ў РФ "Правага сектара", з мэтай выхаду паўвострава са складу Расіі. Сянцоў
усё абвяргае.
Акрамя яго па гэтай справе былі арыштаваныя Аляксандр Кольчанка, Генадзь Афанасьеў і Аляксей Чырній. Апошнія пайшлі на здзелку са следствам і ўжо атрымалі прысуды — па 7 гадоў пазбаўлення волі. Паводле ўмоў пагаднення са следствам, яны павінны даваць паказанні ў судзе супраць Сянцова і Кольчанкі.