Серж Саргсян просіць АДКБ падтрымаць Арменію ў вайне з Азербайджанам

Паводле армянскага прэзідэнта, палітыка Баку накіраваная на эскалацыю канфлікту на тэрыторыі Нагорна-Карабахскай рэспублікі (НКР).



zrzut_ekranu_2015_12_22_o_15_11_10.png

У ноч з 21 на 22 снежня азербайджанскія вайскоўцы здзейснілі больш за 900 выстралаў па пазіцыях НКР, паведамляе Міністэрства абароны непрызнанай рэспублікі.

На паўночным і паўночна-ўсходнім кірунку Азербайджан ужыў устаноўку TR-107 (8 снарадаў), мінамёты калібру 60 мм і 82 мм (16 снарадаў), гранатамёты «СПГ – 9» і «АГС – 17», удакладняе армянскі сайт news.am.

Кожны раз, калі ўзброеныя сілы Азербайджану ўжываюць стралковую зброю ўсіх калібраў, мінамёты і артылерыйскія ўстаноўкі супраць Рэспублікі Арменія, яны страляюць па Астане, Душанбэ і Бішкеку, па Маскве і Мінску. Пра гэта 21 снежня заявіў прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян, падчас сесіі Савету калектыўнай бяспекі АДКБ у Маскве.

«Нагадаю, што ў нас ёсць адпаведны артыкул у Статуце. І калі мы не выкарыстоўваем гэты артыкул, не абмяркоўваем сітуацыю, якая склалася, не лічым патрэбным узяць слухаўку і пацікавіцца, што ж адбываецца ў саюзніцкай Арменіі, але пры гэтым яшчэ і галасуем супраць інтарэсаў саюзніка ў міжнародных арганізацыях, прымаем двухбаковыя дэкларацыі з трэцімі краінамі, тэкст якіх накіраваны супраць чальцоў АДКБ, то мы проста падстаўляем пад гэтыя стрэлы ўсю нашу Арганізацыю, яе прэстыж, яе значнасць«, — мяркуе кіраўнік Арменіі.

Паводле Сержа Саргсяна, палітыка Азербайджана накіраваная на эскалацыю канфлікту. 8 снежня ўзброеныя сілы Азербайджану ўпершыню з моманту ўстанаўлення рэжыму спынення агню ў 1994 годзе перайшлі да танкавых і гаўбічных абстрэлаў.

«Улічваючы складваецца ў апошні час напружаную атмасферу ў рэгіёне, ня варта выключаць таго, што на гэты крок Азербайджан пайшоў з падказкі і пры падтрымцы звонку», — заявіў Серж Саргсян.

7 снежня ў інтэрнэце з’явілася відэа, на якім, бачна, як вядзецца абстрэл па вайсковых аб’ектах Азербайджана (не з’яўляецца сябрам АДКБ), паведамляе report.az, спасылаючыся на міністэрства абароны краіны.

Паводле азербайджанскага вайсковага ведамства, абстрэл з мінамётаў вядзецца з тэрыторыі Нагорнага Карабаху, «акупаванага» праз Арменію (сябра АДКБ).

Карабахскі канфлікт — этнапалітычны канфлікт паміж азербайджанцамі і армянамі, які мае даўнія гістарычныя і культурныя карані. У гады перабудовы перайшоў у фазу ўзброенага канфлікту (1987–1988), на фоне рэзкага ўздыму нацыянальных рухаў у Арменіі і Азербайджане. 5 траўня 1994 года быў падпісаны Бішкекскі пратакол аб перамірʼі і спыненні агню паміж Арменіяй і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай з аднаго боку і Азербайджанам з другога боку.

 belsat.eu