Скандал «Еўрабачання»: у Расіі цкуюць Паліну Гагарыну за пацалунак з Канчытай Вурст

Расійская спявачка Паліна Гагарына, якая ўдзельнічае ў конкурсе «Еўрабачанне» ад Расіі, апынулася ў цэнтры скандалу.



palina_i_kanczyta.jpg

Гэта адбылося пасля таго, як апублікавала ў сваім Instagram відэазапіс, на якім яна абдымаецца і цалуецца з пераможцай конкурсу мінулага года – барадатай спявачкай Канчытай Вурст (што на самой справе з’яўляецца сцэнічным вобразам аўстрыйца Томаса Нойвірта).

«Канчыта сама падышла пасля рэпетыцыі і сказала агромністую колькасць кампліментаў… Beautiful, amazing — кажа яна ў канцы! Прыемна! Крута!» — так пракаментавала свой відэазапіс Паліна Гагарына. Пасля гэтага ў каментарах да відэа з’явілася лавіна каментаў, якія абражаюць абедзвюх гераінь запісу. «Чытаю каментары! Нельга так! Чаму так азлоблена? Гэта ўсяго толькі сцэнічны вобраз і гэта працуе! Яна выдатна выступае і вельмі інтэлігентная! Заклікаю ўсіх сачыць за словамі!» — дадала Гагарына ў адказ на каментары карыстальнікаў.
Самым апантаным крытыкам Гагарынай аказаўся, як можна лёгка здагадацца, скандальна вядомы расійскі дэпутат Мілонаў. Ён увогуле заявіў, што Гагарыну ніхто на конкурс не адбіраў: «Ніхто не мае права называць гэтую жанчыну, гэтага выканаўцу прадстаўніком Расіі. Яна ніякага мандата ад Расіі не мае. Калі яе працягнулі багаценькія піяр-менеджары, то гэта значыць, што яна стаўленіца піяр-менеджараў, прадзюсараў. Але ні ў якім разе не Расіі. Не смець гадзіць Расію абдыманнямі з еўравычварэнцамі!».
На думку Мілонава, Расія наогул павінна адмовіцца ад удзелу ў музычным конкурсе «Еўрабачанне»: «Мы як папуасы, якіх ва ўгоду фермерам, плантатарам, выцягваюць з вёскі скакаць з бананамі. Вось як мы выглядаем у вачах «Еўрабачання». Яна [Гагарына] кажа: «Прабачце за Крым, прабачце за Данбас, прабачце за рускіх, мы прыкладваемся да царскай пячаткі на вашым плашчы».
Таксама на інцыдэнт адрэагаваў і патрыярх Кірыл, заявіўшы, што ў выпадку перамогі Гагарынай у Еўрабачанні ў Расію на наступны год прыездзе конкурс «разам з усімі гэтымі барадатымі спявачкамі».
Па выніку Гагарына не адраклася ад сваіх слоў, а нават яшчэ раз іх падкрэсліла: «Мяне неверагодна засмуцілі гэтыя каментары, нейкі вал, тысячы! З нейкага моманту я перастала ўсё гэта чытаць, але выдаляць ні свой запіс, ні відэа не стала, таму што мне было прыемна пазнаёміцца з Канчытай». Расійская спявачка дадала, што Канчыта стала сімвалам «Еўрабачання» і аўстрыйцы ганарацца ёю. Яна таксама папрасіла ўсіх быць больш памяркоўнымі і спыніць дзяліць людзей і свет на чорнае і белае.
nn.by