След ФСБ. Бабчанка расказаў, як рыхтавалася ягонае «забойства»
Журналіст Аркадзь Бабчанка 1 красавіка распавёў акалічнасці замаху на яго жыццё, якое адбылося ў Кіеве 29 траўня. Дагэтуль на яго быў накладзены мараторый аб невыдаванні, паведамляе «Радыё Свабода».
Спойлер: журналіст вінаваціць у замаху расійскую ФСБ.
Хто такі Аркадзь Бабчанка?
Да інсцэнаванай смерці Аркадзь Бабчанка працаваў у Кіеве на крымскататарскім тэлеканале ATR. Ён рэзка выказваўся супраць удзелу Расіі ў канфлікце на Данбасе, таму ў лютым 2017 году Бабчанку давялося з’ехаць з Расіі. Да эміграцыі ва Украіну працаваў ваенным карэспандэнтам. Як прызыўнік, а пасля як кантрактнік удзельнічаў у абедзвюх чачэнскіх войнах.
Што новага паведаміў Бабчанка?
- Расійскія спецслужбы запатрабавалі
ў маскоўскай паліцыі, Следчым камітэце і ваенкамаце звесткі пра журналіста і
ягоную жонку. У Маскве ўчастковы прыходзіў да жонкі Бабчанкі, каб удакладніць
яе акаўнт у фэйсбуку. Пазней гэтая інфармацыя з’явіцца ў
«арыенціроўцы» на журналіста.
- Арганізатар замаху Барыс Герман
сказаў выканаўцу Аляксею Цымбалюку, што не мае адрасу Бабчанкі ў Кіеве. Журналіст
робіць выснову, што гэтай інфармацыі ў ФСБ не было.
- У «праслушцы» Герман называе
Бабчанку псеўданімам
Гліст. Так звалі журналіста прадстаўнікі расійскага
нацыянальна-вызваленчага руху (НОД).
- Расійскія медыя падхапілі
інфармацыю брытанскага выдання “The Sun” аб
падрыхтоўцы «Ісламскай дзяржавай» тэракту ў Кіеве. «Тэракт» меў адбыцца 26
траўня, у гэты дзень было прызначана інсцэнаванне забойства Бабчанкі, але яе
перанеслі на 29 траўня.
- Сябар Бабчанкі, расійскі палітычны
уцякач, даслаў журналісту ліст, дзе паведаміў пра падрыхтоўку замаху на ягонае
жыццё ў Вільні. За ліквідацыю сябра Бабчанкі «пасярэднікі з Украіны»
прапаноўвалі 3500 даляраў.
- «Сляды замовы тэрарыстычных актаў
вядуць да кухара Пуціна Яўгена Прыгожына».
- Расійскія спецслужбы могуць
чытаць фэйсбук-месенджар Бабчанкі.
- Расія рыхтавала
тэракты па ўсёй Украіне. Пасля іх правалу пачалася атака на ўкраінскіх
блогераў.
- «Нічога не скончылася.
Яны будуць працягваць».
29 траўня ўкраінская паліцыя абвясціла пра забойства Аркадзя Бабчанкі. Днём пазней СБУ заявіла, што журналіст жывы, а забойства было інсцэнаванае з мэтай злавіць арганізатараў злачынства. 1 верасня суд прызнаў вінаватым у арганізацыі замаху на забойства журналіста Барыса Германа, апошняга асудзілі на 4,5 года турмы.