СМІ: Больш за палову вывучаных выпадкаў «амікрон»-штама ў Брытаніі прыйшлося на прышчэпленых
Больш за палову пакуль даследаваных выпадкаў заражэння штамам «амікрон» каронавіруса ў Вялікабрытаніі былі зафіксаваны ў людзей, прышчэпленых мінімум дзвюма дозамі вакцын ад COVID-19, паведаміў тэлеканал «Sky News» са спасылкай на даныя «Агенцтва бяспекі аховы здароўя Злучанага Каралеўства» (UKHSA).
Так, сярод 22 выпадкаў заражэння ў краіне, выяўленых да 30 лістапада, 12 чалавек поўнасцю завяршылі курс вакцынацыі, а яшчэ два чалавекі прышчапіліся першай дозай вакцын сама меней за чатыры тыдні да рэгістрацыі заражэння. Яшчэ шэсць чалавек аказаліся невакцынаванымі, а яшчэ па двух заражаных даных пакуль няма.
UKHSA таксама прысвоіла гэтаму штаму «чырвоны» найвышэйшы ўзровень небяспекі з-за боязі, што гэтая разнавіднасць віруса дзякуючы мутацыям зможа пераадольваць як абарону вакцын, так і натуральны імунітэт.
У сваю чаргу, «Навуковая кансультатыўная група па надзвычайных сітуацыях» (SAGE) Брытаніі мяркуе, што штам «амікрон» можа лягчэй перадавацца па паветры, чым іншыя разнавіднасці віруса.
Аднак, удакладняе «Sky News», гэтыя высновы носяць вельмі папярэдні характар. Тым не менш, брытанскія спецыялісты чакаюць, што колькасць заражэнняў штамам «амікрон» у Вялікабрытаніі моцна ўзрасце.
«Амікрон» быў выяўлены ў лістападзе на поўдні Афрыкі. Спецыялісты лічаць, што ён можа ўяўляць пагрозу, бо распаўсюджваецца значна хутчэй, чым іншыя штамы, якія выяўлялі навукоўцы за перыяд пандэміі, і змяшчае вялікую колькасць мутацый.
interfax.by