Спартсмену з ПАР спрабавалі адпілаваць ногі напярэдадні спаборніцтваў

Падчас трэніроўкі паўднёваафрыканскага трыятланіста Мхленгі Гуала на яго напалі невядомыя людзі і паспрабавалі адрэзаць яму ногі бензапілой.

mhlengi.jpg


Партнёр Гуала па трэніроўках Сэндайл Шэйндж паведаміў, што цяпер 26-гадовы спартсмен знаходзіцца ў шпіталі і што яго траўмы сур’ёзныя, але не небяспечныя для жыцця.

Як паведамляецца, трое невядомых напалі на спартсмена ў аўторак рана раніцай у Дурбане, трэцім па ліку насельніцтва горадзе Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, падчас трэніровачнага заезду на ровары.

Тыя, хто нападаў паспелі параніць пілой абедзве нагі трыятланіста, перш чым яму ўдалося ад іх адарвацца.

Прэс-сакратар паліцыі Нкобайл Гуала паведаміў, што крымінальная справа адкрыта па артыкуле «замах на забойства».

«Ён думаў, што яго хочуць абрабаваць, спыніўся і аддаў ім свой тэлефон. Але яны не хацелі ні яго тэлефон, ні гадзіны, ні ровар», — распавёў Шейндж.

Ён падзяліўся і жудаснымі падрабязнасцямі здарэння: «Яго зацягнулі ў кусты на абочыне, схапілі пілу і пачалі адпілоўваць ногі. Калі дабраліся да косткі, піла захрасла, бо была не занадта вострай. Тады яны ўзяліся за другую нагу».

Паўднёваафрыканскі трыятланіст Генры Шуман, які заваяваў бронзу на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра ў 2016-м годзе, назваў гэты інцыдэнт зусім агідным.

У гэтым месяцы Гуала павінен быў удзельнічаць у нацыянальным чэмпіянаце Паўднёвай Афрыкі па трыятлоне.

«Урачы сказалі яму, што нагу можна выратаваць і што ён зноў зможа хадзіць, але шлях да акрыяння будзе доўгім», — падзяліўся Шейндж.

Паводле BBC