Спецслужбы ЗША і Брытаніі абвінавачваюць ГРУ Расіі ў кібератаках на сотні аб’ектаў ва ўсім свеце
Паводле спецслужбаў ЗША і Вялікабрытаніі, да кібератакаў, якія раней прыпісваліся прыватным групоўкам хакераў, датычнае ГУ Генштаба РФ. За два годы па ўсім свеце ім здзейсненыя напады на сотні аб’ектаў, паведамляе www.dw.com.
Амерыканскія і брытанскія спецслужбы сцвярджаюць, што ГУ Генштаба Расіі (былое ГРУ) стаіць за хакерскімі нападамі, якія здзяйсняюцца на сотні арганізацый ЗША і іншых краін свету з 2019 года аж да цяперашняга часу. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Агенцтва нацыянальнай бяспекі, ФБР, а таксама агенцтваў ЗША і Вялікабрытаніі па кібербяспецы, апублікаваным у чацвер, 1 ліпеня.
Паводле звестак спецслужбаў ЗША і Вялікабрытаніі, 85-ы галоўны цэнтр спецыяльнай службы (ГЦСС) Галоўнага ўпраўлення Генштаба РФ (вайсковая частка 26165) датычны да кібератак, якія раней прыпісваліся прыватным хакерскім групоўкам і праводзіліся з выкарыстаннем метаду "грубай сілы" ("brute force") для атрымання доступу да ўрадавых і прыватных сетак. У дакуменце падрабязна апісваецца, якім менавіта чынам праводзіліся хакерскія напады.
У прэс-рэлізе, размешчаным на сайце АНБ, паказваецца, што мэты кібератакі былі глабальнымі, але ў асноўным сфакусаваныя на Злучаных Штатах і Еўропе; у ЗША яны былі накіраваныя супраць урадавых і абаронных структур, палітычных кансультантаў і партыйных арганізацый, падрадчыкаў Пентагона, энергетычных і лагістычных кампаній, навукова-даследчых цэнтраў, інстытутаў вышэйшай адукацыі, юрыдычных фірмаў і медыякампаній.
Еўрасаюз лічыць, што 85-ы галоўны цэнтр спецыяльнай службы ГУ Генштаба РФ, які спецыялізуецца на крыптаграфіі, датычны да кібератакі на Германскі Бундэстаг у красавіку-траўні 2015 года, у кастрычніку 2020 года ЕС увёў у яго дачыненні санкцыі.