Спікер Сейма Літвы падтрымала еўраінтэграцыю Украіны на Еўрамайдане ў Кіеве
Старшыня Сейма Літвы Ларэта Граўжынене, якая прыбыла ва Украіну, заявіла ў аўторак удзельнікам Еўрамайдану на Еўрапейскай плошчы ў Кіеве, што яе краіна гатовая быць «мостам у Еўропу» для Украіны.
Паводле яе слоў, Літва верыць у поспех Украіны на шляху ў Еўропу і ў тое, што абедзве краіны будуць разам у аб'яднанай Еўропе.
Спікер парламента Літвы заклікала ўкраінцаў аб'яднацца дзеля будучыні і выказала радасць, што ўкраінцы выйшлі на Еўрамайдан падтрымаць еўрапейскі выбар Украіны.
Ларэта Граўжынене прыбыла ў аўторак у Кіеў з незапланаваным візітам разам са старшынём камітэта па справах Еўропы парламента Літвы Гедымінаса Кіркіласа. Яна плануе сустрэцца, у прыватнасці, з
украінскім калегам, старшынёй Вярхоўнай Рады Уладзімірам Рыбаком, а таксама з лідэрамі апазіцыі.
Літва старшынюе ў гэтым паўгоддзі ў Еўрапейскім саюзе і ў канцы тыдня прымае ў сваёй сталіцы Вільні саміт ўдзельнікаў ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства», на якім, як чакалі,
магло быць падпісана пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам.
Але на мінулым тыдні ўрад Украіны выдаў распараджэнне, якім прыпыніў падрыхтоўку да падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС на Віленскім саміце. Ва ўрадзе гэтае рашэнне тлумачылі эканамічнымі
праблемамі і неабходнасцю палепшыць адносіны з Расіяй, якая ў апошні час, напярэдадні Вільнюскага саміту, шматкроць засцерагала Украіну ад падпісання пагаднення, абяцаючы рэзкае пагаршэнне
эканамічных сувязяў паміж краінамі і ажыццявіўшы шэраг крокаў да такога пагаршэння. У Еўрасаюзе выказалі шкадаванне з нагоды гэтага рашэння і заявілі, што дзверы ў асацыяцыі з боку ЕС застаюцца
адчыненыя. Ва Украіне гэта ж рашэнне выклікала шэраг пратэстаў, у прыватнасці, два Еўрамайданы ў Кіеве, на Еўрапейскай плошчы і на плошчы Незалежнасці.