Сталіцу Ірана перанясуць, каб асіміляваць азербайджанцаў?

Цікавай была рэакцыя Баку на рашэнне іранскага парламенту перанесці сталіцу. Рашэнне было прынятае, нагадаем, 16 снежня. Асноўныя прычыны такога рашэння — экалагічныя, сейсмалагічныя, інфраструктурныя праблемы сталічнага мегаполіса (дарэчы, у Тэгеране пражывае 16 мільёнаў чалавек, або кожны пяты іранец).  Пры гэтым назва гораду, куды пераедзе дзяржаўны апарат, пакуль не вядомая.  



330px_tabriz_views_mosaic.jpg

Тэбрыз

Між тым, у Азербайджане не сумняваюцца, што новай сталіцай стане Тэбрыз — горад на поўначы Ірану, сталіца правінцыі Усходні Азербайджан. Такі выбар, быццам, звязаны не толькі з тым, што Тэбрыз да XVIII стагоддзя, калі сталіца стаў Тэгеран, некалькі разоў быў горадам-рэзідэнцыяй іранскіх шахаў.

Быццам, у Тэгеране баяцца ўздыму нацыянальнай самасвядомасці іранскіх азербайджанцаў (прыкладна 12 мільёнаў чалавек), і таму вырашылі загадзя прыняць меры. Відавочна, што пераезд у Тэбрыз парламенту і ўраду стане пралогам міграцыі вялізарнай колькасці чыноўнікаў, вайскоўцаў, інтэлігенцыі і г. д., што дазволіць асіміляваць патэнцыйна палітычна небяспечную правінцыю. 

Апошнім часам ў Баку і Анкары, сапраўды, шмат гавораць пра неабходнасць падтрымкі цюркамоўных жыхароў Ірану.

Паводле азербайджанскай прэсы