Столтэнберг: NATO прыме Фінляндыю і Швецыю «са шчырымі абдымкамі»

NATO гатова прыняць Фінляндыю і Швецыю «са шчырымі абдымкамі», калі яны пададуць заяўку. Пра гэта сёння ў Еўрапарламенце заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг.

stoltenberg_1.jpg


«Фінляндыя і Швецыя павінны вырашыць, хочуць яны падаць заяўку на сяброўства ў NATO ці не. Але калі яны вырашаць падаць заяўку, Фінляндыю і Швецыю прымуць у NATO са шчырымі абдымкамі. Фінляндыя і Швецыя — нашы найбліжэйшыя партнёры, гэта моцныя, сталыя дэмакратыі, чальцы ЕС, і мы працуем з Фінляндыяй і Швецыяй ужо шмат-шмат гадоў. Мы ведаем, што іх узброеныя сілы адпавядаюць стандартам NATO, сумяшчальныя з сіламі NATO, мы разам трэніруемся, праводзім сумесныя вучэнні, і мы таксама працавалі з Фінляндыяй і Швецыяй ў многіх розных місіях і аперацыях. Я таксама чакаю, што працэс будзе хуткім. І што яны могуць далучыцца да NATO пасля таго, як фармальны працэс будзе завершаны», — сказаў Столтэнберг.

Ён таксама запэўніў, што NATO можа знайсці спосаб забяспечыць бяспеку абедзвюх краін на працягу пераходнага перыяду: ратыфікаваць рашэнне аб далучэнні іх да альянсу павінны будуць усе 30 чальцоў, адзначае REFORM.by.

Столтэнберг таксама адзначыў, што ўварванне Расіі ва Украіну дэманструе неабходнасць аказання падтрымкі Грузіі і Малдове.

«Мы вывучаем, што мы можам зрабіць для яшчэ больш цеснага супрацоўніцтва з нашымі блізкімі партнёрамі ва ўсходняй частцы Еўропы», — сказаў ён.