БАЖ уганараваная прэміяй «Свабода прэсы 2022» ад шведскіх «Рэпарцёраў без межаў»
Беларускую асацыяцыю журналістаў уганаравалі прэміяй «Свабода прэсы 2022» ад шведскай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў». Прэмію ўручаць да Міжнароднага дня свабоды прэсы 3 траўня.
Эрык Халькяер, кіраўнік «Рэпарцёраў без межаў» у Швецыі адзначыў, што БАЖ у поўнай меры заслугоўвае гэтай узнагароды.
«Нягледзячы на тое, што цяпер у цэнтры ўвагі Украіна, жорсткія рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі працягваюцца, і БАЖ адыгрывае вырашальную ролю ў інфармаванні свету аб таталітарных злоўжываннях супраць журналістаў у Еўропе», — заявіў ён.
Нагадаем, учора з’явілася інфармацыя, што БАЖ стала лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЕСКА / Гільерма Кано за абарону свабоды прэсы.
БАЖ працуе з 1995 года. Яна аб'ядноўвае беларускіх журналістаў, з’яўляецца чальцом Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ). У 2021 годзе ў офісах БАЖ неаднаразова праводзіліся ператрусы. У выніку арганізацыя была афіцыйна ліквідаваная Мінюстам.