Страйк, які вызначыць лёс ЗША. Дасье ў карыкатурах
У фокусе ўвагі амерыканцаў найбуйнейшая ў гісторыі забастоўка на мясцовым аўтапраме. Ад яе ходу і развязкі шмат у чым залежыць вынік прэзідэнцкіх выбараў 2024 года.
15 верасня буйны амерыканскі прафсаюз United Auto Workers (UAW) аб'явіў аб пачатку ўсеагульнай забастоўкі на прадпрыемствах аўтавытворцаў General Motors, Ford і Stellantis. «Сёння, упершыню ў нашай гісторыі, мы нанясем удар адразу па трох членах "вялікай тройкі"», — падкрэсліў адзін кіраўнікоў UAW. Барацьбу амерыканскага рабочага з босамі аўтапрама карыкатурыст адлюстраваў, парадыруючы вядомы плакат часоў Другой сусветнай.
Цяперашнія забастоўкі закранаюць прадпрыемствы, на якіх збіраюць наступныя маркі: Buick Enclave, Chevrolet Traverse, Ford Explorer і Lincoln Aviator. У прэсе шмат іранічных карыкатур наконт таго, што ўладальнікам названых марак хутка давядзецца не салодка з-за адсутнасці запчастак. Малюнак выдання Automative News.
Прафсаюз дамагаецца павышэння аплаты працы на 36 працэнтаў на працягу чатырох гадоў. Акрамя таго, прафсаюз патрабуе аднаўлення некаторых сацыяльных выплат, якія былі скасаваны пасля фінансавага крызісу 2008 года, паляпшэння пенсійнага забеспячэння, павелічэння працягласці адпачынакаў і інш. Кіраўнік Ford Джым Фарлі ў інтэрв'ю тэлеканалу CNBC заявіў, што кампанія не можа выканаць падобныя патрабаванні, паколькі гэта прывядзе да яе банкруцтва. У адказ прафсаюз нагадаў Фарлі, што яго даходы летась склалі 21 мільён долараў. Карыкатурыст выдання The Week адрэфлексаваў на тую спрэчку малюнкам, на якім менеджар з аўтакампаній абураецца тым, што «ніхто не хоча працаваць за заробак у 773 разы менш, чым тое, што я не раблю».
Не прайшлі міма страйку палітыкі. Кіраўнік Белага дома Джозэф Байдэн адкрыта падтрымаў забастоўку. Гэта, мабыць, першы выпадак у гісторыі краіны, калі прэзідэнт Штатаў не ўціхамірваў забастоўшчыкаў, а падтрымліваў іх патрабаванні. Але іншага выйсця ў кіраўніка дзяржавы няма. Цяпер, калі кампанія па выбарах кіраўніка дзяржавы фактычна стартавала, прэзідэнту вельмі важна заручыцца падтрымкай працоўнага класа.
Зрэшты, некаторыя ўбачылі ў гэтым непаслядоўнасць. Байдэн і дэмакраты выступаюць за адмову ад аўтамабіляў, якія працуюць на бензіне, і адначасова выражаюць салідарнасць з працоўнымі, якія тыя машыны вырабляюць. На малюнку аднаго з графікаў Байдэн спрабуе зарадзіць аўтамабіль са звычайным рухавіком з дапамогай электрычнага току.
Дональд Трамп таксама рэагуе на страйк. На мітынгу ў Паўднёвай Караліне ён заявіў, што ў выпадку абрання рэфармуе амерыканскі аўтапрам. Гэтая рэформа будзе мець яскрава выражаны пратэкцыянісцкі характар. Так, Трамп абвясціў, што калі нейкая краіна ўвядзе дадатковыя пошліны на амерыканскія тавары, то аналагічная мера рушыць услед з боку ЗША. Мастак высмейвае электарат Трампа, які ўпэўнены, што ва ўсіх праблемах амерыканскіх працоўных вінаваты Кітай.
Тым часам забастоўка, ініцыяваная прафсаюзам UAW, становіцца ўсё больш маштабнай. У цэлым у акцыях удзельнічаюць працоўныя ўжо 43 вытворчых аб'ектаў у 21 амерыканскім штаце. Відавочна, што працоўных натхняе поспех Гільдыі сцэнарыстаў, якая 27 верасня выйграла забастоўку, што працягвалася пяць месяцаў. Прафсаюзу ў ходзе перагавораў са студыямі ўдалося дабіцца значных поспехаў ва ўсіх ключавых сферах, уключаючы памер заработнай платы, гарантыі занятасці, памер штата сцэнарыстаў і кантроль над штучным інтэлектам. Графічна каментуючы завяршэнне стачкі мастак пад псеўданімам Amorim адлюстраваў робата (сімвал штучнага інтэлекту), які трымае паперу з характэрным для кіно надпісам «Канец».
Калі забастоўка на аўтазаводах зацягнецца, гэта можа негатыўна адбіцца на эканоміцы ЗША ў цэлым, што ў сваю чаргу будзе мець негатыўныя наступствы для прэзідэнта Джо Байдэна, які плануе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Паводле ацэнак эканамістаў, месячная забастоўка можа прывесці да скарачэння ВУП краіны на 0,2 працэнта. Не выключана таксама, што маштаб забастоўкі прымусіць аўтакампаніі выкарыстоўваць яшчэ больш машын замест людзей. На гэтым малюнку выдання Independent Tribunе прадпрымальнік наймае робата, паколькі ён працуе 24 гадзіны без перапынку і не арганізуе стачкі.