Суд у Маскве забараніў беларускаму кікбаксёру Яўгену Шабалюку карыстацца тэлеграфам і катацца на аўтобусе

Бабушкінскі раённы суд Масквы прызначыў забарону пэўных дзеянняў беларускаму кікбаксёру Яўгену Шабалюку, экстрадыцыі якога дамагаецца Беларусь. Пра гэта «Новай газеце» распавяла адвакатка праваабарончага цэнтра «Мемарыял» і камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне» Роза Магамедава.

Яўген Шабалюк. Фота: Святлана Віданава / «Новая газета»

Яўген Шабалюк. Фота: Святлана Віданава / «Новая газета»


«Суд задаволіў усе хадайніцтвы пракуратуры. Сёння яму забаранілі здзяйсняць вызначаныя дзеянні: карыстацца тэлеграфам, поштай, грамадскім транспартам. Супрацоўнікі паліцыі павезлі яго па паказаным адрасе», — распавяла яна.
На радзіме Шабалюк стаў фігурантам крымінальнай справы аб супраціве міліцыянту (арт. 363 КК РБ) праз удзел у пратэстах у Брэсце пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Беларускія ўлады запатрабавалі экстрадыцыі, пасля чаго расійскія праваахоўнікі затрымалі спартсмена. Неўзабаве яго адправілі ў СІЗА.
Адвакатка патлумачыла, што больш пад арыштам Шабалюка трымаць не маюць права, хоць разгляд пытання аб яго экстрадыцыі не завершаны. Учора ён нарэшце пакінуў СІЗА, дзе знаходзіўся з лютага. Адразу ж пасля выхаду на вуліцу яго затрымалі паліцыянты: яму паставілі ў віну непадпарадкаванне супрацоўнікам правапарадку і аштрафавалі.
Шабалюк — майстар спорту па кікбоксінгу, прызёр Кубка Беларусі, пераможца Адкрытага кубка Літвы і Латвіі. Пасля пачатку пратэстаў 2020 года ў кватэрах яго родных і блізкіх прайшлі ператрусы, яго брата прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за пагрозу прымянення гвалту супраць міліцыянта.