Сусветныя цікавосткі: адкуль паходзіць Трамп і жаночае пытанне ў дыпламатыі

Чаму на Каўказе лічаць Трампа сваім? Як жанчыны могуць змяніць дыпламатыю? Што было б з СССР, калі б не памёр Чарненка? Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».

Новая версія паходжання Трампа

212673_1_large.jpg

Як і большасць амерыканцаў, Дональд Трамп — нашчадак мігрантаў: яго продкі перасяліліся ў ЗША з Германіі. Аднак у такую ​​генеалагічную схему не надта вераць на Каўказе. Адна з мясцовых газет Чаркеска (сталіца Карачаева-Чаркескай Рэспублікі) заявіла, што цяперашні амерыканскі гарант паходзіць з Карачаева-Чаркесіі. Сваю фантастычную тэорыю аўтары тэксту аргументуюць тым, што слова «трамп» перакладаецца з ангельскай як «козыр». Між тым у карачаеўскай мове ёсць слова «трам», якое абазначае картачную масць. Таксама у мясцовых летапісах згадваецца род Трам. Прыкладна ў 1400-м годзе па нейкіх прычынах члены гэтага роду перасяліліся ў Еўропу, магчыма, і ў Германію. Тамака, ізноў жа, калі верыць журналістам, прозвішча Трам змянілася на Трамп. Ну і, нарэшце, самы забойны аргумент — характар ​​Трампа. Як лічыць выданне, амерыканскі прэзідэнт паводзіць сябе як сапраўдны карачаеўскі джыгіт — імкнецца быць заўсёды першым, паважаючы адначасова традыцыі. Супадае? Застаецца дадаць, што ў публікацыі таксама гучыць ідэя называць Дональда Трампа ў духу мясцовых правілаў — Трамп-Хан.

Тэстастэрон заб'е чалавецтва?

Акцыя "Найлепшая зброя" ў штаб-кватэры ААН. Паводле Нэльсана Мандэлы, найлепшая зброя — гэта сесці і пагаварыць.Фота: ААН / Марк Гартэн

Акцыя "Найлепшая зброя" ў штаб-кватэры ААН. Паводле Нэльсана Мандэлы, найлепшая зброя — гэта сесці і пагаварыць.

Фота: ААН / Марк Гартэн

Менавіта так мяркуе ірландскае выданне Irish Time. Як піша адна з яго аўтарак, «засілле культуры мачо штурхае мір да Трэцяй сусветнай вайны». Палітыкі, якія сёння вызначаюць сусветны палітычны парадак дня, — Трамп, Пуцін, Нетаньяху — жывуць па прынцыпе кодэксаў дваровых банд, дзе паважаюць толькі гвалт. Тыя палітычныя лідары, якія непасрэдна не вядуць войны, імкліва ўзбройваюцца ці агучваюць планы на гэта. Гутарка пра французскага прэзідэнта і будучага канцлера ФРГ. Якое ж выйсце? Дапускаць да міжнародных перагавораў выключна жанчын, якія не жывуць у парадыгме агрэсіўнай маскулінасці. Трэба сказаць, што ідэя не новая. Кіраўніцтва ААН яшчэ ў 2000 годзе заклікала краіны-ўдзельніцы арганізацыі павялічыць жаночую квоту ў сваіх дыпкорпусах. Аднак гэты заклік быў пачуты слаба. За апошнюю дэкаду колькасць жанчын-дыпламатаў склала толькі 12 працэнтаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў дыпламатычных устаноў на планеце. Толькі на 6 працэнтаў ад усіх перамоваў за згаданы час жанчыны былі запрошаны як кіраўнікі сваіх дэлегацый. Адным словам, версію, што жанчыны могуць змяніць сусветны працэс можна абмяркоўваць. Але ёсць адзін забаўны аспект. Як сведчыць статыстыка, у выпадку, калі жанчыны вядуць перамовы, ім трэба на 20 працэнтаў больш часу, чым мужчынам, каб знайсці нейкі кампраміс.

Калі б Чарненка не памёр

chernenko_1_sm.jpg

40 гадоў таму, 10 сакавіка 1985 года спынілася сэрца палымянага ленінца, Генеральнага сакратара ЦК КПСС Канстанціна Усціновіча Чарненкі. Трэба сказаць, што памёр Чарненка напярэдадні старту задуманых ім рэформ, галоўнай ідэяй якіх было — правесці палітычную рэабілітацыю Сталіна. Напрыклад, у рамках падрыхтоўкі да святкавання 9 мая 1985 году ўжо рыхтавалася вяртанне Валгаграду назвы Сталінград. Чарненка нават паспеў падпісаць першасныя дакументы па гэтым пытанні. На думку гісторыкаў, у выпадку, калі б Чарненка не памер, наступіла бы паляпшэнне адносін з Заходняй Еўропай (пры Чарненку СССР упершыню наведаў кіраўнік Іспаніі кароль Хуан Карлас I, а пазней — прэзідэнт Францыі Ф. Мітэран.). Верагодна пачалося б пацяпленне адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай (было заключана пагадненне паміж СССР і КНР аб эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве). А вось у амерыканскім напрамку палітыка канфрантацыі працягвалася бы і далей. За год да смерці генсака, у 1984-м, сацыялістычны лагер прабайкатаваў Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэлесе. 

Агулам усё кажа пра тое, што застой пры Чарненкі працягнуўся бы, прычым у больш аўтарытарных формах. Але, як лічаць гісторыкі, крах СССР усё роўна быў непазбежны. Толькі ён меў бы месца не ў пачатку 1990-х, а на дзясятак гадоў пазней. 

Памяняць Арменію на... Арменію

1200_mehri_080221_1_17_696x506.jpg

Другі прэзідэнт Арменіі Роберт Качаран прызнаўся, што збіраўся абмяняць армянскі рэгіён Мегры на поўдні краіны на самаабвешчаную Нагорна-Карабахскую рэспубліку (НКР) у 1999 годзе. Упершыню аб так званым Мегрынскім варыянце стала вядома ў 2008-м, але тады распаўсюджванне гэтай інфармацыі палічылі спробай апазіцыі падарваць аўтарытэт дзейных уладаў. Цяпер СМІ зноў успомнілі гэтую гісторыю, але ўжо са спасылкай на рассакрэчаныя дакументы Дзярждэпа ЗША, абвергнуць якія Качаран не змог. Тэарэтычна такая здзелка магла прывесці да завяршэння армяна-азербайджанскага тэрытарыяльнага канфлікту. Пасярэднікам у ёй былі гатовы выступіць ЗША. Аднак Арменія аказалася б цалкам адрэзана ад Ірана, а азербайджана-турэцкае асяроддзе, наадварот, узмацнілася б. Як бы там ні было, па ініцыятыве Ерэвана здзелка не адбылася. Затое сёння Азербайджан патрабуе адкрыць для яго так званы Зангезурскі калідор, які павінен прайсці якраз праз Мегрынскі раён Арменіі. Армянскі кіраўнік Нікол Пашынян як бы не супраць, але Баку і Ерэван па-рознаму ацэньваюць умовы рэжыму Зангезурскага калідора. У прыватнасці, азербайджанскі бок хоча атрымаць экстэрытарыяльны маршрут. У любым выпадку з'яўленне маршруту Баку-Нахічэвань будзе геапалітычнай рэвалюцыяй, паколькі адкрые прамую дарогу для Турцыі ў Цэнтральную Азію.