Святло ў канцы тунэля: праз 30 гадоў амерыканскія вучоныя вынайшлі спосаб, які можа дапамагчы ў змаганні з Альцгеймерам

У ЗША пачынаюцца выпрабаванні новага метаду лячэння, якое можа перамагчы хваробу Альцгеймера.

Вытворцы лекаў «Eisai Co Ltd» і «Biogen» паведамілі, што іх тэрапія прэпаратам «Леканемаб» можа запаволіць прагрэсіраванне захворвання на 27% на працягу 18 месяцаў. Гэта першы буйны прарыў за 30 гадоў даследаванняў хваробы Альцгеймера, ён дае імпульс клінічным выпрабаванням «кактэйльных» метадаў лячэння, накіраваным на два характэрныя бялкі — амілоід і тау, што звязаны з хваробай, якая адымае розум, піша агенцтва «Reuters».

Гэта адкрыццё пацвярджае тэорыю, што выдаленне амілоіднага бялку, які ўтварае згусткі ў мозгу пацыентаў з хваробай Альцгеймера, можа запаволіць або спыніць хваробу. «Eisai» і «Biogen» плануюць прадставіць поўныя даныя свайго даследавання сёння на канферэнцыі «Клінічныя выпрабаванні пры хваробе Альцгеймера» ў Сан-Францыска.

З узростам амілоід і тау-бялок, якія выклікаюць хваробу Альцгеймера, натуральным чынам назапашваюцца ў цэнтры памяці мозгу — медыяльнай скроневай долі. Павышэнне ўзроўню аднаго з іх аўтаматычна выклікае павелічэнне колькасці другога і, адпаведна, прагрэсіраванне хваробы.

«Мы спрабавалі праводзіць камбінаваныя выпрабаванні на працягу многіх гадоў, — сказала доктар Рэйза Сперлінг, неўролаг і даследчыца хваробы Альцгеймера ў Гарвардскай медыцынскай школе. — Але ніхто не хацеў слухаць».

Аднак цяпер Сперлінг і іншыя даследчыкі з кансорцыума клінічных выпрабаванняў хваробы Альцгеймера кажуць, што вытворцы лекаў праяўляюць усё большую цікавасць да ўдзелу ў даследаванні па тэставанні камбінаваных метадаў лячэння.

Поспех «Леканемаба» заснаваны на шматгадовых даследаваннях прычын хваробы Альцгеймера, а таксама на дасягненнях у вымярэнні адкладаў амілоіду з дапамогай сканавання галаўнога мозгу і спіннамазгавых вадкасцей. Выпрабаванні тау-прэпаратаў будуць накіраваны на развіццё гэтага прагрэсу з выкарыстаннем сканавання галаўнога мозгу, спіннамазгавых вадкасцей і аналізаў крыві, каб лепш ацаніць стадыю захворвання, зразумець, калі варта ўмяшацца і ці дасягаюць лекі сваёй мэты. Гэта дазволіла б кампаніям тэставаць лекі яшчэ да з'яўлення сімптомаў.

Пакуль што толькі ў некалькіх выпрабаваннях тэрапія, якая зніжае ўзровень амілоіду, спалучаецца з прэпаратам, што ўздзейнічае на тау ў выглядзе «кактэйлю», аналагічнага тым, якія выкарыстоўваюцца супраць рака і ВІЧ.

Даследчыкі паведамілі агенцтву «Reuters», што такія камбінацыі могуць палепшыць эфект зніжэння ўзроўню амілоіду толькі ў людзей з сімптомамі. І пры выкарыстанні на ранніх стадыях захворвання ёсць спадзеў, што яны могуць цалкам прадухіліць страту розуму.

«Прайшло, можа быць, 20 або 30 гадоў, перш чым мы знайшлі прэпарат, які сапраўды паўплываў на правільную форму амілоіду і здольны змяніць сітуацыю, — сказаў доктар Адам Боксер, эксперт па тау-бялку ў Цэнтры памяці і старэння Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Францыска. — І гэта яшчэ толькі пачатак».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: