Шатландцы пасмяротна памілуюць спаленых вядзьмарак

Актывісты з групы «Вядзьмаркі Шатландыі» дамагліся памілавання для тысяч пакараных у XVI–XVIII стагоддзях жанчын, якіх абвінавачвалі у чарадзействе і выкарыстанні чорнай магіі, паведаміла «The Guardian». У перыяд з 1563 па 1736 год былі пакараныя 3837 чалавек па абвінавачанні ў чарадзействе, з іх каля 85% былі жанчынамі.

a5bd9b99_51f7_4d39_b243_4de3d761ffff_w1023_r1_s.jpg


У выніку двухгадовай кампаніі група «Вядзьмаркі Шатландыі» здолела пралабіраваць законапраект аб памілаванні і заручыцца падтрымкай адміністрацыі шатландскага прэм'ер-міністра Ніколы Стэрджэн. Лідарка абʼяднаньня — адвакатка Клэр Мітчэл — паведаміла, што яна будзе дамагацца прабачэнняў для ўсіх пакараных жанчын, а таксама стварэння помніка ахвярам палявання на вядзьмарак.
«У перыяд паміж XVI і XVIII стагоддзямі мы, шатландцы, пакаралі смерцю ў пяць разоў больш людзей, чым у іншых краінах Еўропы. Пераважную большасць з іх складалі жанчыны», — адзначыла адвакатка.
Рашэнне аб памілаванні можа быць прынятае ўжо ўлетку 2022 года. Наталі Дон, заканадаўца Шатландскай нацыянальнай партыі, заявіла, што «гэта правільна» і што «зло павінна быць выпраўленае, а гэтыя жанчыны павінны быць памілаваныя».
Паляванне на вядзьмарак не было ўнікальнай з'явай у сусветнай гісторыі. Падобныя ганенні неаднаразова адбываліся ў розных частках свету.
У 2001 годзе палата прадстаўнікоў штата Масачусэтс у ЗША абвясціла ахвяр Салемскіх працэсаў над вядзьмаркамі невінаватымі.
Салемскі працэс адбываўся з лютага 1692 па травень 1693 года. Тады амерыканскі суд прысудзіў да смяротнага пакарання праз павешанне за вядзьмарства 14 жанчын і 5 мужчын, адзін абвінавачаны быў забіты камянямі. Паводле розных ацэнак, ад 175 да 200 чалавек было кінута ў турму.
Паводле «Радыё Свабода».