Італія. Польшча. Украіна

Італія. Выратуйце камуністаў ад сталіністаў  

Італія. Выратуйце камуністаў ад сталіністаў
Камічная сітуацыя склалася вакол газеты “Liberazione, якая была заснаваная ў 1991 годзе як друкаваны орган партыі Rifondazione Comunista. Кіраўніцтва Rifondazione Comunista на той момант марыла пашырыць сваю сацыяльную базу і палічыла, што навязваць жорсткую лінію рэдакцыі будзе нелагічна. Формула аказалася паспяховай: штодзённы тыраж газеты дасягаў 16 тысяч экземпляраў. Цяпер, аднак, вольніца для журналістаў скончылася. Да ўлады ў партыі прыйшлі прыхільнікі сталінізму, якія сталі патрабаваць ад журналістаў выключна перадрукоўваць рэзалюцыі ЦК. Рэдактар адмовіўся, за што адразу згубіў працоўнае месца. Новы шэф рэдакцыі заявіў, што “Liberazione павінна быць падобнай на орган КПСС — газету “Правда. У выніку наклад “Liberazione ўжо ўпаў да 6 тысяч. Аднак журналісты вырашылі так проста сваю газету не аддаваць. Паміж працоўным калектывам “Liberazione і заснавальнікамі ідзе барацьба за права ўладання брэндам. Самае парадаксальнае, што адзіная надзея левых журналістаў — Сільвіа Берлусконі, цяперашні прэм’ер Італіі, вядомы сваімі антылевымі поглядамі. Раней Берлусконі абяцаў забараніць партыям мець уласныя выданні, што дало б журналістам “Liberazione шанец захаваць свой праект, аднак аб’ектыўна спрыяла б пашырэнню ненавісных Сільвіа левых настрояў у грамадстве.
Польшча. Містычныя могілкі
Хто былі 1800 чалавек, парэшткі якіх на днях знайшлі на поўначы Польшчы ў горадзе Мальбарк? Чаму іх забілі? Гэта пытанне не дае спаць усім польскім гісторыкам, асабліва спецыялістам па другой сусветнай вайне, падчас якой, адпаведна экспертызе, і былі забітыя людзі. У могілках, знойдзеных падчас будаўніцтва гатэлю, вельмі шмат дзяцей і жанчын. Усе забітыя не маюць адзення. Гісторыкі дапускаюць, што людзей забілі ўвесну 1945-га, аднак як і чаму? Большасць экспертаў упэўнены: ахвяры — не яўрэі. Тады хто? Ніводны са старажылаў не памятае пра забойства ў горадзе ў 1945 годзе людзей, прычым у такой колькасці. На думку некаторых даследчыкаў, адсутнасць адзення на нябожчыках кажа пра тое, што яны хварэлі на тыф, эпідэмія якога была ў тыя часы. Іншыя лічаць, што гэта былі былыя жаўнеры Чырвонай арміі, якія знаходзіліся ў палоне і былі забітыя адступаючымі нацыстамі. А адкуль тады дзеці і кабеты? Наступная версія: нябожчыкі — нямецкія ўцекачы, якія спрабавалі збегчы ад Саветаў на Захад. Аднак забіць такую колькасць людзей маглі толькі па загаду з самага верху, і, натуральна, нехта пра гэта ведаў. На наступным тыдні ўлады правядуць экспертызу, якая, магчыма, дапаможа знайсці адказы на частку пытанняў. І нарэшце, гісторыкі, праінспектаваўшы могілкі, заявілі, што раней нехта тут ужо пабываў.
Украіна. Феміда з прысмакам эротыкі
Ігар Зварыч працягвае здзекавацца з судовых і іншых ведамстваў Украіны. Зварыч — былы суддзя Львоўскай вобласці, якога злавілі, калі ён атрымліваў хабар памерам сто тысяч долараў. Магчыма, суддзя знайшоў бы спосаб пазбегнуць пакарання, калі б не адзін аспект. Падчас вобшуку яго кабінета міліцыянеры знайшлі не толькі прыкладна мільён долараў, аднак і шмат відэакасет парнаграфічнага зместу. Аказваецца, Ігар Зварыч быў аматарам фільмаў для дарослых. Прычым не толькі спажыўцом, але і вытворцам. Непасрэдна ў сябе ў кабінеце ён здымаў парнаграфічныя ролікі, героямі якіх былі… наведвальнікі. Такі скандал захаваць у межах ведамства, натуральна, было немагчыма. Журналісты раструбілі пра суддзю — рэжысёра парнаграфічных фільмаў па ўсёй краіне. Самае смешнае, што Зварыч здолеў падмануць усіх. Спачатку праз знаёмых ён дабіўся пераводу з камеры ў лякарню, быццам бы з-за хваробы. З лякарні ж у хуткім часе ён збег і зараз недзе хаваецца. Больш за тое, на днях суд Львова атрымаў ад яго ліст, у якім Зварыч патрабуе аднавіць яго на пасадзе суддзі і піша, што гатовы ў судзе даказаць сваю нявіннасць. Усё, што засталося следчым органам Украіны, вітаць намер Зварыча прыйсці на разгляд ягонай справы. Бо як яго яшчэ злавіць?