Tesla Ілона Маска стала касмічным караблём
Аўтамабіль, запушчаны ў космас, унеслі ў базу касмічных караблёў NASA.
Аўтамабіль Tesla, запушчаны ў космас кампаніяй SpaceX Ілона Маска, унеслі ў базу касмічных караблёў NASA HОRIZONS пад назвай Tesla Roadster/Starman. Базу вядзе група Дынамікі Сонечнай сістэмы NASA.
У апісанні NASA HОRIZONS згадваецца ўсё, што ёсць на борце Tesla Roadster: манекен у скафандры, электронная копія кнігі Айзека Азімава «Падстава» і таблічка з імёнамі шасці тысяч супрацоўнікаў SpaceX. Маса карабля складае прыкладна 1250 кілаграмаў.
Запуск Falcon Heavy — першай цяжкай ракеты-носьбіта SpaceX—- адбыўся 6 лютага з мыса Канаверал. Машына павінна была выйсці на арбіту Марса, але праз памылкі ў падліках адправілася да пояса астэроідаў. Палёт Falcon Heavy быў дэманстрацыйным. Галоўная мэта касмічнай праграмы Маска — пілатаваныя палёты на Марс. Паводле задумы Ілона Маска, аўтамабіль будзе лётаць у космасе мільёны гадоў. У базе звестак NASA траекторыя Tesla разлічаная да 2030 года.
Паводле «Хартыі'97»