Тры караблі са збожжам выйшлі з Адэсы і начныя абстрэлы. Што яшчэ здарылася ва Украіне за ноч?
З партоў Адэсы сёння раніцай выйшаў першы караван з трох караблёў з украінскім збожжам.
На трох балкерах NAVI STAR, ROJEN і POLARNET — 57
тысяч тон украінскай кукурузы, якая накіроўваецца ў Турцыю, Вялікабрытанію і
Ірландыю.
У Тарэцку Данецкай вобласці ў выніку варожых абстрэлаў за мінулыя суткі загінулі сем мірных жыхароў, яшчэ дзевяць чалавек параненыя.
Рускія войскі ноччу абстралялі Нікапальскі і Крыварожскі раёны Днепрапятроўскай вобласці. У прыватнасці, Нікапаль двойчы быў абстраляны з «Градаў», пашкоджаныя прыватныя дамы, здарыўся пажар на мясцовым прадпрыемстве. Людзі не пацярпелі.
Расійскія войскі ладзяць наступальную аперацыю на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках і спрабуюць пашырыць кантраляваную тэрыторыю на заходняй ускраіне Данецка. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што калі Украіна зможа моцна націснуць на Ізюм і працягваць контрнаступ на Херсоншчыне, то расіяне паўстануць перад складаным выбарам — альбо адысці са сваіх заходніх пазіцый вакол Ізюму, альбо выкарыстоўваць больш асабовага складу і тэхнікі.
Таксама аналітыкі паведамляюць, што расіяне паспрабавалі прасунуцца на паўночны захад ад Ізюму і працягвалі наземныя атакі на паўночны ўсход і поўдзень ад Бахмута. Таксама яны працягвалі спробы наступу на Пяскі і правялі абмежаваную наземную атаку на паўднёвы захад ад Данецка. Украіна, відавочна, перахоплівае стратэгічную ініцыятыву і прымушае Расію пераразмяркоўваць сілы і мяняць прыярытэты, адзначаюць вайсковыя эксперты.
Расійскія войскі нанеслі некалькі ракетных удараў каля Запарожжа. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяраў няма.
УСУ знішчылі тры склады з боепрыпасамі ў Херсоне, Прыдняпроўскім і Токараўцы. У прыватнасці, знішчаны чатыры зенітна-ракетныя сістэмы С-300, з якіх акупанты абстрэльваюць ўкраінскія гарады.
Паводле УНІАН, korrespondent.net