Туркменістан. Падаруй сабе падарунак ад прэзідэнта

Аказваецца, свае «Дажынкі» ёсць і ў Туркменістане. Праўда, называюцца яны «Свята ўраджаю» і святкуюцца з прычыны заканчэння збору бавоўны.

Фота: turkmenportal.com

Фота: turkmenportal.com


Аднак цырымонія раздачы перадавікам прызоў ад кіраўніка дзяржавы і падрыхтоўка да яе ў Туркменістане трошкі іншыя, чым ў Беларусі.

У адным з вілаятаў (па-туркменску — у вобласці) сялян абавязалі саміх набыць тэлевізары, якія пасля ім уручылі ад імя прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава. Па словах крыніц, мясцовым уладам даручылі падарыць падарункі камбайнерам, якія выканалі план па зборы бавоўны. Але чыноўнікі абавязалі вяскоўцаў саміх купіць тэлевізары і прывезці з сабою ў той дзень, калі свята будзе здымаць тэлебачанне.

Праўда, не абышлося без цяжкасцяў. Некаторыя героі ўборачнай заявілі, што іх сямейны бюджэт ніяк не вытрымае такой пакупкі. Тады ім дазволілі спакаваць у скрыні для падарункаў свае старыя тэлевізары. Яны і былі ім «падораныя» пазней ад імя Бердымухамедава перад тэлекамерамі.

Радасць сялян ад прэзідэнцкага падарунка, натуральна, не мела межаў.

Відэа azathabar.com

Паводле туркменскай прэсы