Туркменскіх паліцэйскіх з залішняй вагой абавязалі схуднець
Супрацоўнікаў МУС Туркменістану, чые блізкія сваякі працуюць за мяжой, пад пагрозай звальнення абавязалі вярнуць іх у краіну. Пра гэта паведамляе туркменская служба Радыё Свабода.

Вяртанне сваякоў да першага студзеня — адна з умоваў маштабнай пераатэстацыі супрацоўнікаў паліцыі. Акрамя таго на працягу месяца поўныя супрацоўнікі МУС павінны схуднець, таму што новы кіраўнік міністэрства «не любіць тоўстых паліцэйскіх», — паведамляе туркменская Свабода.
Новы міністар унутраных справаў Туркменістану быў прызначаны на пачатку кастрычніка. Папярэдняга кіраўніка ведамства паказальна звольніў падчас нарады прэзідэнт краіны Гурбангулы Бердымухамедаў. Ён панізіў міністра ў званні і пазбавіў яго дзяржаўных узнагародаў пасля дакладу генеральнага пракурора. Некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў паліцыі былі арыштаваныя.
З чым звязанае распараджэнне вярнуць у краіну сваякоў паліцэйскіх — не паведамляецца. Туркменістан — адна з самых закрытых краінаў былога Савецкага Саюза. У чэрвені 2018 году стала вядома, што ўлады не выпускаюць з яе грамадзян да 40 гадоў (Ашхабад гэта адмаўляе).
Апошнія некалькі гадоў краіна знаходзіцца ў глыбокім эканамічным крызісе нягледзячы на тое, што валодае чацьвёртымі ў свеце даказанымі запасамі прыроднага газу.