У Афганістане забілі выкладчыцу і актывістку, якая выступала за правы жанчын

На поўначы Афганістана застрэлілі 29-гадовую выкладчыцу эканомікі Фразан Сафі — яна стала першай забітай абаронцай правоў жанчын у краіне пасля прыходу да ўлады руху «Талібан», паведамляе The Guardian.

756295691182359.jpg


Дзяўчына знікла 20 кастрычніка. Яе цела апазналі ў моргу горада Мазары-Шарыфа. «Мы пазналі яе па адзенні. Кулі пашкодзілі ёй твар. <...> На яе галаве, сэрцы, грудзях, нырках і нагах былі кулявыя раненні — занадта шмат, каб іх злічыць», — сказала сястра загінулай. Невядомыя пасля забойства забралі ў Сафі сумку і заручальны пярсцёнак.
Неапазнаныя целы дзвюх жанчын, адной з якіх аказалася Фразан Сафі, даставілі ў бальніцу 4 лістапада. Яны былі знойдзеныя побач з целамі дваіх мужчын у адным з дамоў у Мазары-Шарыф, сказаў дырэктар па інфармацыі і культуры адміністрацыі талібаў у правінцыі Балх Забіхула Нурані. Ён выказаў здагадку, што загінулыя маглі стаць ахвярамі «асабістай варожасці».
Бацьку Фразан запэўніваюць, што цела яго дачкі знайшлі ў яме за горадам.
Як адзначае The Guardian, забойства Фразан Сафі адбылося на фоне паўсюднага страху пасля прыходу тры месяцы таму да ўлады талібаў. Нягледзячы на тое, што новыя ўлады абяцалі паважаць правы жанчын, па факце ўрад быў сфармаваны толькі з мужчын, а жанчынам забаранілі наведваць сярэднюю школу, працаваць, займацца большасцю відаў спорту. Жанчыны пачалі выходзіць на акцыі пратэсту. Яны скардзіліся, што іх высочваюць талібы.
У канцы кастрычніка Фразан тэлефанавалі з ананімнага нумара і раілі схавацца ў бяспечным месцы. Дзяўчына спадзявалася эміграваць у Нямеччыну.