У Чэхіі беларус атрымаў турэмны тэрмін за дапамогу «ДНР»

Суд у Празе прысудзіў грамадзяніна Беларусі Аляксея Фадзеева да 4,5 гадоў пазбаўлення волі за дапамогу сепаратыстам на ўсходзе Украіны. Пра гэта паведамляе korrespondent.net са спасылкай на выданне Novinky  22 верасня.

2546405.jpg


Адзначаецца, што мужчына быў асуджаны за ўдзел у арганізаванай злачыннай групе. Прысуд таксама прадугледжвае дэпартацыю з Чэхіі на чатыры гады.
"На падставе прадстаўленых доказаў суд прыйшоў да высновы, што падсудны вінаваты, але не быў задаволены юрыдычнай кваліфікацыяй і апісаннем дзеяння ў абвінаваўчым заключэнні", – заявіла ў падтрымку прысуду старшыня крымінальнай палаты Ленка Чыхларжова.
Яна паказала, што Фадзееву спачатку было прад'яўленае абвінавачванне ў тэрарызме.
"Не ўдалося даказаць, што падсудны быў асобай, якая брала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях і страляла ў вайскоўцаў украінскай арміі", — адзначыла суддзя, дадаўшы, што беларус, хутчэй за ўсё, займаў толькі дапаможныя пазіцыі і не прымаў удзелу ў актыўных баях.
Паводле абвінаваўчага заключэння, Фадзееў некалькі разоў выязджаў ва Украіну ў перыяд з 2014 па 2016 год "з намерам актыўна падтрымліваць сепаратысцкія групоўкі на ўсходзе Украіны, якія імкнуцца аддзяліцца ад Украіны і стварыць асобнае дзяржаўнае ўтварэнне – так званую "Данецкую народную рэспубліку" ("ДНР")".
Падсудны заяўляў, што не браў актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях і ездзіў ва Украіну, каб "дапамагчы людзям абараніцца ад украінскіх фашыстаў". Ён прызнаў, што займаўся аховай пазіцый і патруляваннем, але са зброі страляў толькі падчас вучэнняў.
Пракуратура патрабавала пасадзіць яго на 15 гадоў за тэрарызм.
Таксама Фадзееў пацвердзіў, што знаёмы з грамадзянінам Чэхіі, былым вайскоўцам Эрыкам Эшту, які раней быў абвінавачаны ў тэрарызме за ўдзел у баях супраць ВСУ на Данбасе, але ў выніку быў асуджаны ўмоўна за службу ў "замежных узброеных сілах" і пазбаўлены чэшскага вайсковага звання.
Па словах Фадзеева, Эшту дапамагаў яму дабрацца ва Украіну і затым сустракаўся з ім у Данецку. Эшту быў выкліканы на цяперашні суд у якасці сведкі, але адмовіўся сведчыць, таму што гэтыя паказанні маглі быць выкарыстаны і супраць яго самога.