У Дзень Перамогі беларусы і ўкраінцы ўдзельнічалі ў гульні памяці УПА
З 9 па 12 траўня ў лясах Валынскай вобласці Украіны прайшла вайскова-спартовая гульня «Звыцяга». У гэтым годзе ў ёй прыняла ўдзел каля 250 чалавек.
Арганізатарам «Звыцягі» з’яўляецца ўсеўкраінская моладзевая арганізацыя «Нацыянальны Альянс».
Па запрашэнні Грамадскага сектара Атрада «Пагоня» гульню другі год запар наведалі таксама і беларусы.
«Звыцяга» ўзнаўляе атмасферу вызваленчага руху ва Украіне падчас Другой сусветнай вайны і адбылася ўжо ў чатырнаццаты раз у лясах, дзе і ваявалі байцы Украінскай паўстанцкай арміі.
Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў пачалося з малітвы, падчас якой святар блаславіў удзельнікаў на гульню.
Удзельнікі падзяліліся на дзве каманды — сотні. Каманды абралі месца «дыслакацыі», дзе паставілі свой сцяг. Мэта кожнай сотні была ў захаванні свойго сцяга і здабыцці сцяга ворага і ўтрыманні яго на працягу чатырох дзён. У такім выпадку гэта расцэньвалася б як «чыстая перамога».
У гэтым годзе абедзве каманды засталіся са сваімі сцягамі і вынік гульні быў вызначаны па колькасці сарваных павязак.