У Генасамблею ААН перадалі праект рэзалюцыі пра Крым
Генэральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый разгледзіць 19 снежня ўкраінскі праект рэзалюцыі аб стане правоў чалавека ў анэксаваным Расіяй Крыме, паведамляе Радыё Свабода праводле інфармацыі прадстаўніцтва Украіны ў ААН на старонцы ў Twitter.
Паводле паведамлення, праект рэзалюцыі, сярод іншага, пацвярджае, што паміж Украінай і Расіяй існуе міжнародны збройны канфлікт; асуджае рэтраактыўнае прымяненне Расіяй уласных законаў на акупаванай тэрыторыі, а таксама прымусовы перавод грамадзян Украіны ў расійскае грамадзянства; патрабуе ад Расіі выканаць прамежкавае рашэнне Міжнароднага суду ААН па аднаўленні правоў і свабодаў грамадзян Украіны на паўвостраве; заклікае расійскую акупацыйную ўладу забяспечыць адукацыйны працэс на ўкраінскай і крымскататарскай мовах.
Таксама праект асуджае адсутнасць доступу ў Крым для маніторынгавай місіі ААН па правах чалавека ва Украіне, нягледзячы на адпаведны мандат, і адзначае станоўчыя рашэнні Украіны ў кантэксце спрашчэння працэдур для бесперашкоднага доступу ў Крым журналістаў і праваабаронцаў.
У дакуменце таксама змешчана просьба да генэральнага сакратара ААН скаардынаваць дзеянні структур ААН, каб забяспечыць выкананне палажэнняў гэтай рэзалюцыі.
У Нью-Ёрку 14 лістапада на пасяджэнні Трэцяга камітэту Генэральнай Асамблеі ААН быў прыняты абноўлены праект рэзалюцыі па правах чалавека ў анэксаваным Крыме. Беларусь галасавала супраць гэтага праекту, што было ўспрынята ў Кіеве як удар у спіну.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка вітаў рашэньне гэтага камітэту, назваўшы яго сыгналам расейскім уладам пра міжнародную салідарнасьць у пытанні дэакупацыі Крыму. Летась у снежні прадстаўнікі Беларусі галасавалі супраць рэзалюцыі па правах чалавека ў Крыме на Генасамблеі ААН, за месяц да таго — спрабавала заблакаваць прыняцце праекту рэзалюцыі Трэцяга камітэту Генасамблеі.
Паводле svaboda.org