У Гвінеі-Бісаў на выбарах перамог апазіцыянер

Былы прэм’ер-міністр Гвінеі-Бісаў Умару Сісоку Эмбало перамог на прэзідэнцкіх выбарах па выніках галасавання ў другім туры, паведамляе Белсат.

guinea.jpg

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў прайшоў 29 снежня. У ім удзельнічалі два былыя прэмʼер-міністры краіны Дамінгуш Сімоэш Пэрэйра і Умару Сісоку Эмбало. Паводле звестак нацыянальнай выбарчай камісіі, Эмбало набраў 53,55 % галасоў.
У першым туры 24 лістапада перамог Пэрэйра, якога падтрымлівала кіроўная Афрыканская партыя незалежнасці Гвінеі і Кабу-Вэрдэ (ПАІГК). Ён атрымаў тады 40,13 % галасоў.
Эмбало ж у першым туры набраў 27,65 % галасоў пры падтрымцы партыі «Рух за дэмакратычны паварот», які быў заснаваны былымі чальцамі ПАІГК.
Дзейны прэзідэнт Гвінеі-Бісаў Жазэ Марыу Ваш удзельнічаў у выбарах як незалежны кандыдат. Ён атрымаў 12,41 % галасоў і заняў чацвёртае месца.
Умару Сісоку Эмбало ўзначальваў урад Гвінеі-Бісаў у 2016-2018 гадах. Сышоў у адстаўку ў выніку канфлікту з кіраўніком краіны і чальцамі кіроўнай партыі.