У Іране больш не будуць арыштоўваць жанчын за знешні выгляд, які супярэчыць нормам ісламу
Кіраўнік паліцэйскага ўпраўлення Тэгерана брыгадны генерал Хасейн Рахімі заявіў, што мясцовых грамадзян, якія не выконваюць нормы ісламу ў сваім знешнім выглядзе, больш не будуць падвяргаць арышту.
![Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота](/img/v1/images/2015_11_02_17_03_34_994113.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота
Новы кіраўнік сталічнай паліцыі быў прызначаны ў жніўні, тады як папярэдні, Хасейн Саджэдзінія, вызначаўся больш строгімі парадкамі, піша kommersant.ru. У красавіку 2016 года ён заявіў, што ў іранскай сталіцы працуюць каля 7 тыс. паліцэйскіх у цывільным, якія сочаць за захаваннем "нормаў ісламу ў вопратцы і знешнім выглядзе".
Дакладных дадзеных аб тым, колькі і за што менавіта было пакарана людзей, не паведамляецца. Улады толькі часам публікуюць асобныя дадзеныя — напрыклад, напрыканцы 2015 года дарожная паліцыя заявіла, што за год каля 40 тыс. жанчын-кіроўцаў былі пакараныя за так званы кепскі хіджаб — калі пры кіраванні хустка знаходзіцца не на галаве, а на шыі.
Новы кіраўнік паліцыі таксама не стаў удакладняць, за якія менавіта "парушэнні нормаў ісламу ў вонкавым выглядзе" грамадзян цяпер будуць не арыштоўваць, а накіроўваць на спецыяльныя выхаваўчыя курсы, дзе працуюць каля 7 тыс. супрацоўнікаў. Па дадзеных заходніх СМІ, раней такія санкцыі ўжываліся ў асноўным да жанчын за адсутнасць хусткі на галаве, занадта яркі макіяж, манікюр і г.д.