У Іране дэпутат заявіў, што за збіты ўкраінскі самалёт нікога не арыштуюць

Іранскі дэпутат заявіў, што за пасажырскі самалёт МАУ нікога не арыштавалі, а вайскоўцы "добра выканалі свае абавязкі".

Фота: скрыншот відэа

Фота: скрыншот відэа

Іранскі дэпутат лічыць, што ваенныя Ірана "добра выканалі свае абавязкі", а збіты пасажырскі Boeing 737-800 "самалёт кантраляваўся іншымі краінамі".

У Іране чалец камісіі па пытаннях заканадаўства і юстыцыі парламента Хасан Нарузі заявіў, што нікога не арыштуюць за збіты пасажырскі самалёт МАУ (Міжнародныя авіялініі Украіны) пад Тэгеранам. Пра гэта піша Al Arabia ў панядзелак, 6 красавіка.

"Ваенныя сілы добра выканалі свае абавязкі. Самалёт рухаўся вельмі падазрона", — заявіў Нарузі.

Дэпутат таксама сказаў, што самалёт нібыта "не быў пад кантролем дыспетчарскай вежы, а апынуўся пад кантролем Амерыкі", борт быў у Ізраілі за тыдзень да нападаў, і там "яго сістэму бяспекі ўзламалі і перахапілі кіраванне".

"На самалёце былі ўсталяваныя спецыяльныя цэлі ў Іране. Улічваючы, што самалёт кантраляваўся іншымі краінамі, нашы ваенныя добра справіліся са сваёй задачай. Улічваючы гэтыя доказы, было б бессэнсоўна арыштоўваць датычных асобаў", — дадаў іранскі парламентарый.

Нарузі падкрэсліў, што арыштоўваць датычных да смяротнай авіякатастрофы не будуць.

Нагадаем, 8 студзеня ў Іране разбіўся самалёт рэйса PS 752 "Тэгеран — Кіеў" авіякампаніі "Міжнародныя авіялініі Украіны", у выніку катастрофы загінулі 176 чалавек. На борце былі грамадзяне Ірана, Канады, Швецыі, Афганістана, Германіі, Вялікабрытаніі і Украіны.

Украіна і Іран дамовіліся пра расследаванне справы самалёта МАУ. Бакі дамовіліся пра неабходнасць ажыццяўлення неадкладнай расшыфроўкі чорных скрыняў.

Затым у МЗС Украіны заявілі, што чорныя скрыні самалёта МАУ да гэтага часу ў Іране. Украінскі бок працуе з Іранам па двух напрамках — дыпламатычна-юрыдычным і авіяцыйна-тэхнічным.

Паводле korrespondent.net