У КНДР пакаралі смерцю дыпламатаў пасля саміту ў Ханоі — СМІ
Пасля няўдалага саміту ў Ханоі па загадзе паўночнакарэйскага лідара былі забітыя пяць высокапастаўленых чыноўнікаў.
Лідар КНДР Кім Чэн Ын загадаў пакараць смерцю некалькі вышэйшых службовых асоб краіны, якія ўдзельнічалі ў перамовах з ЗША ў Ханоі. Пра гэта ў пятніцу, 31 траўня, паведаміла газета “Chosun Ilbo”.
Паводле інфармацыі выдання, у сакавіку быў забіты спецпрадстаўнік КНДР па справах ЗША Кім Хек Чхоль і яшчэ чатыры чалавекі. Як паведамілі крыніцы, прычынай пакарання стала тое, што дыпламаты не змаглі дасягнуць пагаднення на другім саміце паміж лідарамі ЗША і Паўночнай Карэі.
Прысуд быў выкананы на ваенным аэрадроме Мірым, размешчаным на ўсходняй ўскраіне Пхеньяна. Таксама паведамляецца, што перад смерцю дыпламатаў абвінавацілі ў шпіянажы на карысць ЗША.
Яшчэ адзін высокапастаўлены чыноўнік, першы намеснік Кім Чэн Ына — Кім Ен Чхоль — быў прысуджаны да катаржных прац.
Нагадаем, 27–28 лютага ў Ханоі адбыўся двухдзённы саміт ЗША і КНДР, па выніках якога бакам не ўдалося прыйсці да дамоўленасцяў.
Прычынай рознагалоссяў на сустрэчы сталі санкцыі супраць Паўночнай Карэі. Пасля саміту прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што КНДР запатрабавала поўнага зняцця санкцый, у той час як паўночнакарэйскі МЗС сцвярджае, што Пхеньян прасіў толькі аб частковай адмене абмежавальных мер.
Паводле korrespondent.net