У Кузбасе — аварыя на шахце, вядома пра дзевяць загінулых. У шахце застаюцца яшчэ 49 чалавек

У Кемераўскай вобласці Расіі ў горадзе Бялова на шахце "Ліствяжная" адбылося задымленне на глыбіні 250 метраў. Паводле апошніх даных, загінулі дзевяць чалавек, больш за 40 чалавек пацярпелі, паведамляе ВВС.

Шахта "Лісцвяжная". Фота Kirill Kukhmar/TASS

Шахта "Лісцвяжная". Фота Kirill Kukhmar/TASS

З шахты на паверхню не здолелі падняцца 49 чалавек. СМІ паведамлялі, што ў вентыляцыйным штрэку шахты мог адбыцца выбух. Па іншай версіі, адбылося ўзгаранне вугальнага пылу.

"У шахце застаюцца 49 чалавек, на 15:05 дзевяць з іх знойдзены загінулымі", — гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі Кемераўскай вобласці.

На момант аварыі ў шахце знаходзіліся 285 горнарабочых, 237 з іх былі паднятыя на паверхню.

"Усе астатнія гарнякі меркавана знаходзяцца ў двух далёкіх штрэках, сувязі з імі пакуль няма, — гаворыцца ў паведамленні ў тэлеграм-канале губернатара Сяргея Цывілёва. — Газавая абстаноўка на абследаваных участках бяспечная, задымленасць слабая".

"Самастойна яны выйсці не могуць, моцнае задымленне і далёкае размяшчэнне штрэка. Да іх накіроўваюцца горнавыратавальнікі", — казала ў сваю чаргу крыніца агенцтва Інтэрфакс.

У бальніцы даставілі 43 пацярпелых, чацвёра з іх у цяжкім стане, 41 — лёгкай і сярэдняй цяжкасці, паведаміў губернатар. У рэгіянальным цэнтры медыцыны катастроф удакладнілі, што ў пацярпелых — атручэнне прадуктамі гарэння, траўмаў няма.

Што адбылося

Крыніца ў службах тэхнічнага нагляду паведаміла "Інтэрфаксу", што, па яго даных, у вентыляцыйным штрэку на глыбіні 250 метраў адбыўся выбух. "Пасяля гэтага распачаўся пажар",  — сказаў ён.