У ліпені Пуцін падпісаў рэкордную з 1999 года колькасць сакрэтных указаў

Шэсць з дзесяці ўказаў Пуціна — засакрэчаныя! Такое здаралася толькі аднойчы — у 1999 годзе

5669ae78b91ac262db19962c995b1dec.webp

У ліпені 2023 года кіраўнік Расіі падпісаў рэкордную колькасць сакрэтных указаў — 62% дакументаў Уладзіміра Пуціна не былі апублікаваныя.

Пра гэта сведчаць падлікі "Медыязоны" па парадкавых нумарах указаў расійскага кіраўніка.

Усе ўказы Уладзіміра Пуціна пранумараваны па парадку ад пачатку года. Калі нейкі нумар у апублікаваных дакументах не сустракаецца, то ён быў прысвоены сакрэтнаму ўказу.

Такой высокай долі сакрэтных указаў не было за ўвесь час прэзідэнцтва Пуціна. Толькі аднойчы ў гісторыі сучаснай Расіі доля сакрэтных указаў была крыху вышэйшая — 64% у студзені 1999 года. Па выніках першых сямі месяцаў 2023-ы год займае першае месца па долі непублічных распараджэнняў, якіх аказалася 48% ад агульнай колькасці.

Адразу 12 сакрэтных указаў былі падпісаныя ў перыяд паміж 27 і 31 ліпеня — гэта максімальная колькасць прапушчаных нумароў указаў запар з пачатку вайны. Да падпісання пачкі сакрэтных дакументаў Пуцін даў расійскае грамадзянства амерыканскаму хакеісту Брэнану Менелу (»Дынама"), а адразу пасля — падпісаў аб'ёмны Спіс дзяржаўных узнагарод.

Сакрэтныя ўказы нярэдка звязаныя з узнагароджаннем удзельнікаў баявых дзеянняў, у тым ліку пасмяротна. У самым пачатку расійскай агрэсіі ў сакавіку 2022 года доля сакрэтных указаў дасягала 54%, цяпер яна паднялася яшчэ вышэй на фоне маштабнага ўкраінскага контрнаступлення.