У Луўры вайсковец страляў па ўзброеным наведніку

Французскі вайсковец, які стаяў на ахове Луўра, адкрыў агонь наведніку з нажом. Паведамляецца, што мужчына паспрабаваў напасці на салдата і паспеў нанесці яму лёгкае раненне. Пры гэтым ён выкрыкваў "Алах Акбар".

Паліцыя эвакуявала раён каля Луўра. Фота GETTY IMAGES

Паліцыя эвакуявала раён каля Луўра. Фота GETTY IMAGES

Відавочцы расказалі інфармацыйным агенцтвам, што нападнік спрабаваў прайсці ў краму пры парыжскім музеі з адным ці двума чамаданамі. Па іншай версіі, нападнік быў з заплечнікам і мачэтэ.

Паводле начальніка паліцыі Парыжа, выказванні гэтага чалавека пераканалі салдат, якія стаяць на ахове Луўра, што наведнік плануе тэракт.

Па ім стрэлілі пяць разоў. Нападнік атрымаў сур'ёзныя раненні. Пры гэтым выбуховых рэчываў пры ім знойдзена не было.

Зараз з Луўра эвакуяваныя ўсе наведвальнікі.

Міністэрства ўнутраных спраў Францыі характарызуе інцыдэнт як сур'ёзны.

Пасля тэрактаў у Парыжы ў лістападзе 2015 года многія аб'екты ў Францыі знаходзяцца пад аховай не толькі паліцыі, але і вайскоўцаў.

Паводле ВВС