У Маскве пікетавалі пасольства Беларусі з-за арышту расійскага гісторыка і філосафа Пятра Рабава

 У Маскве насупраць пасольства Беларусі 13 кастрычніка прайшла серыя адзіночных пікетаў у падтрымку асуджанага ў Баранавічах расійскага гісторыка і філосафа Пятра Рабава.

Пётр Рабаў

Пётр Рабаў


«Мы праводзім сем пікетаў, у руках плакаты тыпу «Лекцыя па гісторыі не злачынства» і «З якога часу філасофія забаронена», — сказаў РБК арганізатар акцыі прафесар Інстытута ўсеагульнай гісторыі РАН Вадзім Дам'е. Паводле яго слоў, паліцыя нікога з удзельнікаў пікета не затрымлівала.
Як паведамлялася, расійскага гісторыка і філосафа Пятра Рабава 11 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прыгаварыў да шасці сутак арышту. Ён быў затрыманы ўвечары 10 кастрычніка ў Баранавічах, дзе мелася адбыцца яго лекцыя «Лібертарная сацыяльная думка апошняй трэці XX — пачатку XXI стагоддзя». Аналагічную лекцыю 9 кастрычніка міліцыя сарвала ў Гродне, уварваўшыся ў Цэнтр гарадскога жыцця і затрымаўшы каля 20 чалавек, якіх праз некаторы час адпусцілі.
Ноч да суда Рабаў правёў у ІЧУ Баранавіцкага ГАУС. 11 кастрычніка яго даставілі ў суд і абвінавацілі ва ўчыненні правапарушэння па арт. 17.1 КаАП (хуліганства). Пасля абвяшчэння прыгавору аб арышце Рабаў абвясціў сухую галадоўку.
Паводле БелаПАН