У Паўднёвай Карэі падчас святкавання Хэлоўіна 153 чалавекі загінулі ў натоўпе

Першае пасля пандэміі святкаванне Хэлоўіна для Паўднёвай Карэі ператварылася ў трагедыю.

Цісканіна на вуліцах Сеула падчас святкавання Хэлоўіна. Фота: «Reuters»

Цісканіна на вуліцах Сеула падчас святкавання Хэлоўіна. Фота: «Reuters»


У ноч на 30 кастрычніка натоўп, у асноўным моладзь, сабраўся каля гатэля «Hamilton» у Сеуле. Паводле даных мясцовых СМІ, гэтае месца наведалі дзясяткі тысяч чалавек. Гэта было першае за тры гады святкаванне Хэлоўіна ў Сеуле пасля эпідэміі COVID-19, паведамляе агенцтва «Reuters».
Трагедыя адбылася ў вузкім спуску каля гасцініцы. Паводле слоў сведак, вялікая група людзей рынулася да спуску шырынёй каля 4 метраў, і іх пачалі штурхаць іншыя.
«Людзі працягвалі штурхацца ў алею, у выніку чаго іншыя людзі крычалі і падалі, як даміно. Я думаў, што мяне таксама раздушаць, паколькі людзі працягвалі штурхацца, не ўсведамляючы, што ў пачатку цісканіны падаюць людзі», — расказаў адзін са сведак.
На відэа, распаўсюджаным у сацсетках, відаць, як ратавальнікі і звычайныя людзі праводзяць сардэчна-лёгачную рэанімацыю пацярпелым на вуліцах.
У хаатычнай цісканіне загінулі 153 чалавекі. Большасць пацярпелых — маладыя людзі каля 20 гадоў. 82 чалавекі атрымалі раненні, 19 з іх сур'ёзныя. Паводле яго слоў, сярод загінулых былі 22 замежнікі — выхадцы з Ірана, Узбекістана, Кітая і Нарвегіі.
Акрамя таго, улады Сеула атрымалі 355 паведамленняў пра зніклых без вестак.


Гэтая смяротная цісканіна стала найбольшай трагедыяй у Паўднёвай Карэі з часоў затаплення парома «Севоль» у 2014 годзе, калі загінулі 304 чалавекі, пераважна навучэнцы старэйшых класаў.
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сук Ёль абвясціў нацыянальную жалобу, якая працягнецца да 5 лістапада. Усе астатнія вечарыны і мерапрыемствы, запланаваныя на выхадныя ў Дзень усіх святых, былі адмененыя, каб прадухіліць любую магчымасць далейшых трагедый і з павагі да загінулых.