У Сеуле падчас святкавання Хэлоўіна з-за цісканіны загінулі 120 чалавек
З-за цісканіны ў Сеуле загінулі 120 чалавек, хоць раней паведамлялася пра 59, яшчэ 150 атрымалі траўмы, паведамляе агенцтва Yonhap са спасылкай на экстраныя службы.
Больш чым у 50 чалавек, якія ўдзельнічалі ў святкаванні Хэлоўіна ў адным з раёнаў Сеула, здарылася «спыненне сэрца». Прычынай стала цісканіна. Пацярпелыя былі ў натоўпе, які сабраўся на невялікай вуліцы каля гатэля «Гамільтан» у раёне Ітхэван. Карэйскія СМІ адзначаюць, што 29 кастрычніка ў раёне Ітхэван маглі сабрацца блізу 100 тысяч чалавек.
Экстраныя службы паведамілі, што ў больш чым 80 чалавек былі праблемы з дыханнем. Многіх даставілі ў бальніцу. Большасць шпіталізаваных — маладыя жанчыны, таксама сярод іх ёсць 10-гадовая дзяўчынка.
У раёне Ітхэван у выходныя перад Хэлоўінам у розных месцах праводзіліся вечарыны. Верагодна, што цісканіна адбылася, калі людзі сабраліся ў вузкім завулку, які спускаецца ўніз гатэля «Гамільтан».
Сведка, якому каля 20 гадоў і які прысутнічаў на месцы здарэння, распавёў навінаваму агенцтву Yonhap: «Раптам упалі ўсе наперадзе, а ззаду людзі былі раздушаныя».
На відэа з месца здарэння, якія распаўсюдзіліся ў сацсетках, можна заўважыць целы, якія ляжаць на дарозе ў поліэтыленавых пакетах; як мяркуецца, гэта целы загінулых. Каля 100 тысяч чалавек выправіліся ў Ітхэван перад Хэлоўінам, калі не трэба прытрымлівацца каронавірусных абмежаванняў.
Паводле www.yna.co.kr, meduza.io