У Пентагоне не выключаюць магчымасці ваеннага канфлікту з КНДР
Амерыканскі генерал Джозэф Данфорд лічыць неймаверным не канфлікт з КНДР, а сітуацыю, у якой Вашынгтон дазволіць Пхеньяну нанесці ядзерны ўдар па тэрыторыі ЗША.
ЗША не павінны выключаць магчымасць збройнага канфлікту з КНДР, ядзерная праграма якой становіцца галоўнай непасрэднай пагрозай для Амерыкі. Пра гэта ў суботу, 22 ліпеня, заявіў генерал Джозэф Данфорд на форуме па бяспецы ў Аспене ў штаце Каларада.
Пры гэтым ён падкрэсліў важнасць аказання эканамічнага і дыпламатычнага ціску на рэжым у Пхеньяне з тым, каб прымусіць яго адмовіцца ад стварэння ядзернай зброі. І ўсё ж узброеная канфрантацыя ЗША з Паўночнай Карэяй не з'яўляецца «неймавернай», як пра гэта кажуць многія людзі», сказаў Данфорд, які займае пасаду старшыні Камітэта начальнікаў штабоў узброеных сіл ЗША.
Па словах генерала, для яго «неймаверным з'яўляецца дапусціць, каб паўночнакарэйскія ядзерныя ракеты трапілі на тэрыторыю ЗША». Таму сваёй задачай Данфорд бачыць «выкарыстанне ваенных мер, каб не дапусціць гэтага». Гаворачы аб магчымым ваенным канфлікце на Карэйскім паўвостраве, амерыканскі генерал прызнаў, што ён будзе «жахлівым і прывядзе да ахвяраў, якіх не ведаюць людзі, якія вырасьлі пасля Другой сусветнай вайны».
Паўночная Карэя ў мінулым годзе правяла 16 ракетных тэстаў і два выпрабаванні ядзернай зброі, заўважыў Данфорд. Паводле яго слоў, гэтая краіна прасоўваецца да стварэння міжкантынентальнай ядзернай ракеты, здольнай несці ядзерную боегалоўку, якая зможа дасягнуць тэрыторыі ЗША.
Паводле dw.com