У Польшчы, Італіі і Іспаніі кажуць пра павольную адмену абмежаванняў
Міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі паведаміў, што з 19 красавіка ў краіне пачнуць павольна размарожваць эканоміку. Пры гэтым палітык падкрэсліў, што ізаляцыя эфектыўная і калі б не яна, колькасць хворых дасягала бы некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.
Пра гэта паведамляе polskieradio.pl. Міністэрства аховы здароўя Польшчы на гэтым тыдні прадставіць свае рэкамендацыі па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў.
Каронавірусная інфекцыя з 4 сакавіка, калі паведамлялася аб першым выпадку захворвання ў Польшчы, была пацверджана да гэтага часу ў 7049 чалавек, памёр 251 хворы.
У чацвер, 9 красавіка прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі абвясціў, што пасля Велікодных святаў урад прадставіць план вяртання да«новай эканамічнай рэчаіснасці». Прэмʼер адзначыў, што гэта будзе план «вельмі лагічны, структураваны, які абмяркоўваецца з экспертамі і па ахове здароўя, і па эканоміцы, і па сацыяльных пытаннях».
Таксама здымаюцца ў некаторыя абмежаванні ў дзвюх найбольш пацярпелых еўрапейскіх краінах, піша tut.by. У Іспаніі (170 099 заразіліся, 17 756 памерлых) з панядзелка адновяць працу заводы, занятыя на вытворчасці змогуць вярнуцца да працы пры выкананні строгіх санітарных нормаў. У Італіі (159 516 заразіліся, 20 465 памерлых) каранцін працягнулі да 3 траўня, але з аўторка адкрыюцца некаторыя нехарчовыя крамы. Часткова здымаюць абмежаванні Данія і Аўстрыя, такую магчымасць зараз вывучаюць у Германіі. У Францыі і Вялікабрытаніі не збіраюцца змякчаць каранцін. Францыя, дзе колькасць смяротных зыходаў наблізілася да 15 тысяч, падоўжыла строгі каранцін на месяц. У СААЗ рэкамендуюць здымаць абмежаванні паступова.