У Польшчы зноў дапытваюць Дональда Туска па справе аб крушэнні ТУ-154
Старшыня Еўрапейскага савета Дональд Туск прыбыў у Варшаву на допыт у пракуратуры ў якасці сведкі наконт недапрацовак, звязаных з арганізацыяй апазнання ахвяраў катастрофы прэзідэнцкага лайнера ТУ-154 пад Смаленскам.
Следчыя органы сярод іншага маюць намер высветліць, чаму пасля катастрофы пад Смаленскам апазнанне целаў было давераны расейскім спецыялістам, што ў выніку прывяло да шматлікіх памылак — гэта высветлілася ў працэсе эксгумацый.
"Я павінен узяць гэта на сябе, хаця ўжо падрабязна тлумачыў усё ў пракуратуры, не ведаю, што новага мог бы сказаць", — заявіў Дональд Туск, якога ў Варшаве сустракалі сотні прыхільнікаў, паведамляе svoboda.org.
Апазіцыя лічыць, што другі ўжо выклік Дональда Туска ў Варшаву на допыт з'яўляецца формай палітычнай помсты цяперашніх уладаў. У польскім урадзе ў сваю чаргу заяўляюць, што былы прэм'ер, як і любы іншы грамадзянін, абавязаны супрацоўнічаць з пракуратурай.
У катастрофе прэзідэнцкага самалёта ТУ-154 пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года загінулі 96 прадстаўнікоў польскай эліты, у тым ліку прэзідэнт краіны Лех Качыньскі з жонкай. Усе яны накіроўваліся на мерапрыемствы ў сувязі з 70-й гадавінай расстрэлаў польскіх афіцэраў у Катыні. Дональд Туск у гэты час займаў пасаду прэм'ер-міністра Польшчы і адказваў за дзейнасць спецслужбаў.